Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 08E

Пра філязофію

Калі мой брат Колік чарговым разам вярнуўся з турмы, мама зноў на яго навалілася: ідзі працаваць! Скраў – сеў – скраў – сеў, табе яшчэ не надакучыла? Ужо барада хутка сьсівее, а ты ўсё бяз клёку ў галаве. І неяк прыпала гэта яму на настрой, лягло на душу, і Колік наважыўся. Але працы ў нашым мястэчку было мала, а для чалавека, які сябе паважае – дык і зусім анічога ня знойдзеш. Адна непрыстойнасьць: мясьці вуліцу, сьвідраваць дзіркі, прадаваць вымыкальнікі. І Колік прыдумаў уладкавацца настаўнікам. Тлумачыць дзеткам правільнае жыцьцё – годны занятак. Ён пазычыў у Толіка сьвяточны гарнітур і прыйшоў у школу. Настаўнікаў не хапала, і дырэктар ахвотна прыняў яго – весьці працу й фізкультуру, на пачатак. А то ўсё сам ды сам.

І справа пайшла! На занятках дзеткі вастрылі напільнікамі арматуру, на фізкультуры сядзелі на кукішках, не адрываючы пяткі ад зямлі – хто даўжэй. Дырэктар заходзіў, ухваляў. Праз тыдзень Колік падахвоціўся весьці яшчэ й філязофію. Давай! Чаму не? Пэдагог ты здаецца добры.

– Ну што? – сказаў Колік, увайшоўшы ў клясу ў панядзелак раніцай. Тоўстыя хлопчыкі ў акулярах, дзяўчынкі з касіцамі. Глядзелі на яго. – Прадмет наш называецца «філязофія», а не «гісторыя філязофіі», таму усялякімі там дасакратыкамі я вас мучыць ня буду. Ведаеце, дзеткі, адзін знакаміты джазмэн сказаў: жыцьцё кароткае, а музыка цудоўная; такім чынам, разумней за ўсё спажываць як мага больш часу на музыку. Бачыце, як у некаторых атрымоўваецца рабіць слушныя высновы з дурных перадумоў. Жыцьцё ў яго кароткае, вось асёл! Яно вельмі доўгае, дзеткі. Але гэта зусім ня значыць, што трэба шмат балбатаць. Таму даволі балбатні, пачынаем заняткі!

І яны дзьве гадзіны запар слухалі джаз на клясным прайгравальніку, Джэні Лі ды Лісу Экдаль.

Але дзецям такі падыход не спадабаўся. Тоўстыя хлопчыкі ў акулярах спадзяваліся пачуць пра Ніцшэ, дзяўчынкі з касіцамі чакалі падрабязнасьці пра трагічнае каханьне Абэляра. Дзеці пайшлі й паскардзіліся дырэктару. Дырэктар паклікаў Коліка да сябе і зрабіў яму нагонку. Колік спачатку хацеў зарэзаць дырэктара, але потым падумаў, што той не такі ўжо й вінаваты, і звольніўся. І з тае пары ўжо ніколі не працаваў.