Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 08D

Пра адвароты партрэтаў

У юнацтве, калі нам з брацікамі было няма чым заняцца, мы ішлі ў майстэрню да Валіка і бавіліся там да самага вечара – валяліся на канапах, палілі ў столь, расказвалі анэкдоты й елі інжыр. Валік рана выславіўся сваімі партрэтамі, меў шмат заказаў і няспынна працаваў, але супраць нашай бязьдзейнай прысутнасьці не пярэчыў. Па першасьці, калі Валік не пасьпяваў да тэрміну, ён нават прасіў нас дапамагчы й даручаў падмаляваць акуляры альбо бародкі, аднак хутка пераканаўся ў нашай непрыдатнасьці да вытанчанага і дазваляў толькі зьбіваць падрамнікі дый падпісваць назвы на адваротах. Мы стараліся як маглі! Сьціснуўшы да пасіненьня вусны, мы каліграфічна выводзілі: «партрэт Я. К. у туніцы», «партрэт Я. К. на маскарадзе», «партрэт В. Б. з кіем». Часам мы свавольна дадавалі розныя недарэчныя падрабязнасьці: «малявана ля падножжа Фудзі пры паўднёвым ветры», «малявана сэпіяй пад узьдзеяньнем сангрыі» альбо «памятайце: партрэты выяўляюць ня зьнешнасьць, а ўнутранасьць». Валік, як даведаўся пра нашыя забаўкі, моцна раззлаваўся і наогул забараніў чапаць свае партрэты. З тых часоў ён нават падрамнікі майстраваў сам, хай крывенькія, затое без падвохаў. Як жа мы зьдзівіліся, калі празь некаторы час выявілі, што ён пакрысе зразумеў, асмакаваўся і цяпер сам піша на адваротах партрэтаў разнастайныя сэнтэнцыі, максымы й нават лірычныя нататкі.

«Чалавечае жыцьцё падобнае да жыцьця спэрматазоіда. Кожны з нас з усіх сілаў імкнецца, але большасьці не ўдаецца нават дасягнуць маціцы жыцьця, ня кажучы ўжо пра запладненьне».

«Чым больш мэтаў ты дасягаеш, тым ты бліжэйшы да бязмэтнасьці».

«Глупства – гэта прыгожа. Бязглуздая дзяўчына выходзіць з грамадзкай прыбіральні каля гастранома з пыхай герцагіні Германцкай. У захапленьні я заміраю і прапускаю трамвай».