Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 08a

Аповед Коліка. Пра аднаго індыйца

Мой брат Колік расказваў, што аднойчы зь ім у вязьніцы сядзеў індыец. Ён сядзеў на нарах у паставе лётасу, прыжмурыўшы вочы, і ледзь усьміхаўся. Колік спытаў індыйца, за што ён трапіў у турму, і той засьмяяўся: гэта ня я ў яе трапіў, а яе вакол мяне пабудавалі. Я тут даўно сяджу, спакон веку. Як жа цябе не прыбілі, пакуль будавалі? – зьдзівіўся Колік. Гэта таму, што я толькі часам выяўляўся, адказваў індыец; як убачу добрага чалавека, дык сілаю волі прабадаю матэрыяльнасьць. Каб Колік паверыў, ён узьняўся над нарамі і трохі павісеў. Ён сказаў, што ўцячы зь вязьніцы можна трыма спосабамі: засяроджваньнем, канцэнтрацыяй і факусаваньнем. Колік абраў факусаваньне, і індыец патлумачыў: падобна таму, як расплываюцца абрысы прадметаў, калі выдаляеш позірк да гарызонту, так расплываюцца й самі прадметы – калі выдаляеш сьвядомасьць да ісьціны. Коліку гэта спадабалася, і ён пачаў трэніравацца кожны дзень, спачатку па гадзіне, потым па дзьве, потым дні напралёт. І так натрэніраваўся, што аднойчы, як толькі ён сфакусаваўся, хоп – і скончыўся ягоны тэрмін. З тых часоў Колік вельмі паважаў усё індыйскае, але далей трэніравацца баяўся, бо аднойчы так сфакусуесься, і раптам хоп – і скончыцца твой зямны тэрмін.