Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 08B

Пра манэткі

У дзяцінстве, калі нам ня спалася, мы прыдумлялі сабе ўсялякія вясёлыя гульні. Аднойчы Колік прапанаваў распляскаць манэтку, каб яна зрабілася гладзенькая. Мы паклалі манэтку на малаток, а другім малатком пачалі лупіць па ёй. Яна плюшчылася, але лічбы ўсё роўна заставаліся бачныя. На грук і ляск прыйшла мама ў піжаме – што адбываецца? І загадала нам ня крыўдзіць манэтку.

– Пакладзіце яе ў скарбонку, да сястрычак. З манэткамі лепш не жартаваць! Давайце, накрывайцеся коўдрамі, а я вам казку апавяду. Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, які вельмі манэткі не любіў. І партманэт яны тапырылі, і кішэні адцягвалі, і дрынчэлі назойліва, і назапашваліся захутка. Адзін час ён іх жабракам раздаваў, але бывала тыдзень праходзіш, і ніводнага бадзягі не сустрэнеш. Тады стаў ён манэткамі ў краме расплачвацца, стараўся з сабой поўныя кішэні драбніцы насіць, каб любую суму можна было набраць. Але бабкі ў чаргох на яго чмыхалі, прадаўніцы пырхалі, жандары касіліся, дый манэтак ня дужа зьмяншалася. Ужывеш усё да адзінай, а табе ўжо новую рэшту адсыпаюць. Стаў тады той чалавек прыносіць дадому манэткі й пад канапу іх выгружаць. Назапасілася ў яго пад канапай цэлая гара! Пыл, павуціньне, таполевы пух, сухія камарыкі – усякі бруд на іх зьбіраўся, а прыбраць немагчыма, ня мыць жа кожную раз на месяц. І затужыў тады чалавек, і паскардзіўся Ўсеўладнаму: «Зусім замучылі мяне манэткі!» «Не наракай па дробязях! – адказваў Усеўладны. – Зубы чысьціш? Шкарпэткі цыруеш? Лухту з барады вычэсваеш? Вось і манэткамі ня грэбуй». Але не паслухаўся чалавек. Разгулялася ў ім гардыня, і з тае пары ён наогул манэткі браць перастаў. Яму крычаць: рэшту! рэшту вазьміце! А ён каўнер падымае, як шпіён, і сыходзіць хутчэй. А потым і зусім заганарыўся: згарнуў з-пад канапы ўсе манэткі ў вялікую торбу і выкінуў на сьметнік. І падлогу пад канапай вымыў. І ўздыхнуў з палёгкай. Але адну маленькую манэтачку не заўважыў. Схавалася яна пад ліштвай, а ноччу, калі чалавек заснуў, паклікала сяброў на помсту. І накінуліся яны на чалавека! Прачынаецца ён у жаху, а на яго насядаюць: зубная шчотка тыкаецца ў твар – чысьці зубы! шкарпэткі па нагах паўзуць – цыруй нас! кашуля душыць – прасуй мяне! талеркі брынкаюць – мый нас! сьмецьцевае вядро сьмярдзіць – вынось мяне! Чалавек адбіваецца, як можа, ды дзе там! Канапа скача – ляжы на мне! Коўдра ўвінаецца ўдавам – пакрывайся мной! Падлога дрыжыць – хадзі па мне! Зьявіліся й людзі: жанчыны віскочуць – кахай нас! мужчыны равуць – сябруй з намі! дзеці пішчаць – зараджай нас! Нават цела ўласнае ўзбунтавалася: страўнік булькае – кармі мяне! лёгкія сапуць – дыхай намі! мозг хлюпае – думай мной! І нарэшце пачуўся страшэнны шум і грукат: зазірае ў вакно само жыцьцё, велізарнае, моцнае, лютае – жыві мяне! «Не хачу! – крычыць чалавек. – Ня буду! Ідзіце прэч! Прэч адсюль к чорту!» «Ха-ха-ха! – сьмяюцца яны. – А мы самі чэрці й ёсьць!» І пацягнулі яны яго ў пекла. Там ён і згінуў. Вось як, дзеткі.

Мы маўчалі. Хоць нам і здалося, што казка ня вельмі дарэчы, але з тых часоў мы ніколі ня плюшчылі манэткі.