Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 089

Гэта мора

Праз паўгода ці год майго замыканьня ў Вучылішчы наступіў нядоўгі шчасны пэрыяд – я скарыўся лёсу, звыкся, і нават агідныя шакалядныя батончыкі ўжо здаваліся мне зноснымі. Мы з таварышамі, выканаўшы ўсе даручэньні праграмароў і жвава прарэклямаваўшы заданьні, пасьля падвячорку былі аддадзеныя самі сабе. Калі ў першыя месяцы мае аднакурсьнікі, былыя інваліды, сьпяшаліся пацешыцца даступнасьцю дзіцячых мараў і гарэзілі ў целах мускулістых супэрмэнаў і сустаўных фотамадэляк, дык потым гэта надакучыла, і ў моду ўвайшлі матэматычныя забаўкі: імчацца зь віскам ідэальнымі кропкамі па гіпэрбалах, нападаць зьнянацку й ​​браць адно з аднаго вытворную, аб’ядноўвацца ў шматмерныя масівы й матрыцы, а потым бурна перамнажацца. Адзін я захоўваў хваравітую прыхільнасьць да свайго былога аблічча і падоўгу ўзіраўся ў люстэрка, намагаючыся ўспомніць, ці такі быў у мяне нос, колькі павінна быць рэбраў і так выглядаюць сапраўдныя ключыцы. А яшчэ Лена, якая жыла музыкай нават па-за заняткамі, і вольны ад рэклямы поп-зорак час праводзіла ў выяве ліловага праменьчыка, бесьперапынна прапускаючы скрозь сябе насычаныя пост-сымфанічныя, пост-джазавыя і пост-эстрадныя плыні. Лена толькі зрэдку набывала цялеснасьць, выяўляючыся на сваім ложку з задуменным і крыху ашалелым выглядам. Радуючыся кампаніі, я запрашаў яе пагуляць, і яна паслухмяна рушыла за мной. Лена, у мінулым сьляпая, уяўляла ўласнае цела толькі па ўнутраных адчуваньнях, без візуальных, і часам, павярнуўшыся да яе, я палохаўся зь яе міжвольна ўзбуйнелай галавы ці паўмэтровых далоняў. Пад маім позіркам яна засяроджвалася й вярталася ў прыдатны дзяўчыне стан, а я браў яе за руку, каб не забывалася. Прамінуўшы плятанавую алею і доўгі каменны спуск да набярэжнай, мы заходзілі ў кавярню «Бакен» і заказвалі па маленькаму кубачку шакаляду. Яна ўвесь час прыслухоўвалася – да чужых размоў, да шыпеньня кавамашыны, да званкоў, да гудкоў – і раптам пачынала калыхаць галавой, быццам лавіла рытм. Потым я браў човен і, агінаючы катэры й яхты, кіраваў да выгібу зарослага хвоямі мысу. Лена вярцела кончык каўняра, пастуквала сандаляй па борціку, вывуджвала з вады шышкі й выкладвала зь іх Л. Стаміўшыся веславаць, я выпускаў вёслы і падсаджваўся да яе на карму. Хвоі ледзь чутна шумелі, хвалі блішчалі, на гарызонце разгараліся жоўтыя й ружовыя палосы захаду. «Гэта мора. Табе падабаецца?» «Так». Я асьцярожна цалаваў яе ў шчаку і, каб ня даць ёй засумаваць, даставаў шакалядны батончык. Яна безуважна зьядала кавалачак і, схіліўшыся набок, апускала руку да вады, вадзіла пальцамі. «Назад?» «Я лепш сама». І зьнікала. Так здаралася заўсёды, і я прызвычаіўся. Я падграбаў да берага, выцягваў лодку на пясок і вяртаўся лесам.