Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 088

Пра ціхмянага пустэльніка

Аднойчы, бадзяючыся па гаях і пералесках уздоўж закінутае шашы, мы з брацікамі натрапілі на невялічкую хатку з высокім флюгерам у выглядзе савы, якая ляжала на баку. Мы адразу ўспомнілі, што якраз недзе тут мусіў жыць вядомы пустэльнік, што выдаліўся з гораду каб дзеяць добрыя справы – так расказвалі. Мы абышлі хатку вакол і сапраўды ўбачылі пустэльніка: ён сядзеў на зэдліку ля клубнічнае градкі. Ён мацаў пад лісьцем, зрываў ягаду, аглядаў яе з усіх бакоў, паласкаў у рондальчыку з вадой і адпраўляў у рот. Ён быў апрануты ў цыраваны пінжак, выцьвілыя галіфэ і шлёпанцы на босую нагу; на твар выглядаў зусім старэнькім, але цалкам бесклапотным і задаволеным.

– Ваша сава павалілася! – зазначылі мы.

– Гэта вецер яе нахіліў, а паправіць я не магу, занадта высока, – адгукнуўся пустэльнік. – Затое цяпер яна азначае ня проста мудрасьць, а ціхмяную.

Ён распавёў, што клубніцы ў гэтым годзе кіслыя, але затое радыска смачная. «Хочаце рыдысачкі?» Мы не хацелі. Ён падаўся нам дзіўным, і, каб яго выкрыць, мы разьвіталіся, адышлі й схаваліся ў маліньніку. Пустэльнік яшчэ крыху паласаваўся кіслай трускаўкай, падняўся й пайшоў у хату – дзіўна лёгкай хадой, ледзь кранаючыся зямлі, як юны гімнаст, а над ягонай галавой вагалася паветра – ці то зь цеплыні й волкасьці, ці то са сьвятасьці. Мы троху счакалі, потым наблізіліся й сталі глядзець праз акно, што ён робіць. Ён пахадзіў па пакоі, пачухаў бараду, сеў за кампутар і пачаў чытаць. Раз-пораз ён ківаў, усьміхаўся, круціў галавой і прымаўся нешта пісаць, потым ізноў чытаў. Прайшла гадзіна, прайшлі дзьве, мы ўжо пасмакавалі і клубніцу, і радыску, а ён усё чытаў і пісаў.

– Во нахабнікі! – за нашымі сьпінамі раптам паўстала суровая баба зь бітонам, і мы спалохана адскочылі ад акна. Мы сталі апраўдвацца і патлумачылі, што проста хацелі праверыць. – Чаго там правяраць? Ня ведаеце быццам? Ён чытае дзёньнікі ў інтэрнэце! Усе запар! Дзе вершы пахваліць, дзе апавяданьні, дзе разважаньні, і так кожны дзень, год за годам! На каго людзям спадзявацца яшчэ, як не на яго? Хто яшчэ імі зацікавіцца, хто супакоіць, хто абнадзеіць? Ведалі б вы, якою я была, пакуль ён мае сьмятаньнічкі не заўважыў! Гістэрычкай, ветрагонкай, гарпіяй на ўвесь сьвет узлаванай! А цяпер бачыце? Нейкія няшчасныя сьмятаньнічкі, падзялілася рэцэптам, а ён знайшоў, прачытаў, і так ухваліў пранікнёна, што я нібы перарадзілася й сэнс здабыла! Цяпер малачко яму нашу. Ён сьвяты, кажу вам! Вось вы самі паспрабуйце – ці атрымаецца ў вас? Не. Самі ведаеце, што не! Плюнеце празь дзесяць хвілін і ня вытрымаеце. Вось як.