Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 087

Пра кіно

Калі мы былі маленькія, у нас дома быў толькі адзін тэлевізар, і па ім лавіўся толькі адзін канал, і ўвечары па ім круцілі заўсёды адзін і той жа сэрыял. Сэрыял быў нямецкі, невыносна нудны, але мама яго любіла й глядзела кожны дзень. Каб мы не журыліся, мама частавала нас пудынгам з разынкамі і падрабязна тлумачыла незразумеласьці.

– Мама, а чаму ўсе цёці аддаюцца гэтаму дзядзе? Ён жа састарэлы, пузаты й няспынна п’е піва?

– Ах, дзеткі! Ну, па-першае, цёці самі немаладыя й любяць піва. А на тоўстых тады была мода. Калі ты худы – значыць хворы. Цёці самі тоўстыя, бачыце? А яшчэ незадоўга да таго была вайна і мужчынаў зусім мала засталося. А яшчэ ён задуменны, як ваш тата.

Даеўшы пудынгі, мы ішлі да таты. Тата, паводле сваёй звычкі, нерухома сядзеў у фатэле й пазіраў у вакно. Ён мог так вельмі доўга пазіраць – мы нават некалькі разоў засякалі сэкундамерам, і рэкорд быў 28 хвілін 32 сэкунды, а потым у яго зачасаліся нага.

– Тата, а чаму ты не глядзіш з намі Фасбіндэра?

– Ах, дзеткі... – тата паднімаў позірк, пасьміхаўся і на некаторы час зноў вяртаўся да роздумаў, але пра нас не забываў і неўзабаве адказваў, як бы вынырваючы: – Навошта патрэбнае кіно, калі ёсьць акно? Глядзіце, як калыхаюцца бярозкі, як плывуць аблокі, заўсёды непаўторна. Вось калі б вакон не было, тады б сапраўды. Але ж яно ёсьць?