Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 086

Пра сканчэньне сусьветнага цыклу

Хуліё прыйшоў дадому рана, змрочны як хмара. «Што здарылася?» – запыталіся мы. «Яна мне адмовіла!» – адказваў Хуліё з сумам і безвыходнасьцю. Ён закрыў твар далонямі й горка заплакаў. Мы пляскалі яго па плячох і суцяшалі як маглі.

– Ну й добра, што адмовіла, яшчэ лепей знойдзеш! – сказаў Колік.

– Ну й добра, што адмовіла, ня будзеш час марнаваць на глупства! – сказаў Валік.

– Трэ было ажаніцца з той, сама першай! – сказаў Толік.

А я пабег у краму па шакалядны торт.

За тортам тата ўзяў слова і прапанаваў нам паслухаць суцяшальную казку. Мы моўчкі, з поўнымі ратамі, заківалі.

– Жыла-была юная дзяўчына. Была яна разумная, далікатная, і на выгляд прыгожая. І, як належала, марыла пра каханьне. Хлопцы на яе таксама заглядаліся, а адзін суседзкі малец нават быў у яе закаханы, але ён ёй зусім не падабаўся. Дзяўчына не сьпяшалася й чакала свайго шчасьця. Аднойчы, калі яна купляла ў шапіку цыгарэты, падышоў да яе спрытны пралаза, агледзеў з галавы да ног і прапанаваў: паляжым, цукерка? Праз такое нахабства ў яе нават дух захапіла – сышла хуткім крокам, ані слова не адказаўшы, а потым успамінала з абурэньнем і шкадавала, што не абсякла прайдзісьвета. Мінула з таго выпадку трохі часу, і аднойчы ўвечары пастукаўся да яе той суседзкі малец, вушасты і кволы. Паваліўся на калені, палка прызнаўся дый пачаў прасіць стаць ягонаю жонкай. Нядоўга думаючы, яна адмовіла й выправадзіла. І адчула прыемнасьць унутры. Яшчэ празь некалькі дзён спынілася побач зь ёй на вуліцы машына, выйшаў адтуль пажылы паскуднік і пачаў абяцаць шчадроты. Пайшоў на хрэн, старэча! – працадзіла яна й зрабіла выразны жэст. Адвярнулася й выдалілася незалежна, вялікае задавальненьне праз гэту адмову атрымаўшы. Далей – болей. Ані дня не праходзіла, каб хтосьці чагосьці гэтай дзяўчыне не прапаноўваў. То ў начны клюб, то ў летні адпачынак, то замуж, то піва выпіць, то брыльянт за пацалунак, то вечнае каханьне. А яна з асалодай адмаўляла, усё дасканалей і напышлівей. Ужо ня марыла яна ні пра што, шчасьлівая аднымі адмовамі. З кожным годам яна ўсё харашэла, усё налівалася сокамі, усё афармлялася ды фармавалася. Кавалеры таксама ўсё багацелі ды прыгажэлі. Сваталіся да яе модныя дыджэі, вытанчаныя тэнары, ляўрэаты Букераўскіх прэмій, адважныя генэралы, мажныя бізнэсмэны, насьледныя арыстакраты, акторы й алімпійскія чэмпіёны. І ўсё атрымлівалі пагардную адмову. А адзін раз пад Новы год падышоў да яе ў гастраноме вельмі сур’ёзны спадар зь вельмі знаёмым тварам. Вой! Гэта ж прэзыдэнт! Дый ня просты, а амэрыканскі! Таксама руку й сэрца прапануе. З адмысловай халоднасьцю адмовіла яму дзяўчына. Зарыдаў прэзыдэнт у голас, не хаваючыся, а неўзабаве з засмучэньня падаў у адстаўку. Як жа гэта прыемна, сястрыцы! Пасьля тога выпадку ўсквітнела дзяўчына да такой асьляпляльнай прыгажосьці, што нават сонца й месяц свой ​​ход запавольвалі, калі яна на прамэнад выходзіла. І вось ішла яна аднаго разу па бульвары, а насустрач ёй – малады, статны, прыгожы, у ізьзяньні індыгавам – сам Гасподзь Крышна. Устаў ён перад ёю, і кажа: ці станцуеш Раса-Лілу са мною? А яна яму напышліва так, з вартасьцю: прыбяры лапы!

Тут тата, як належала, узяў паўзу й пачаў нетаропка адразаць сабе трэці кавалак.

– І што ж потым, татухна? – як належала, нецярпліва спыталі мы.

– Потым, зразумела, зьявіўся Гасподзь Шыва й спапяліў сусьвет, – адказаў тата. – Пасунь мне імбрычак, Ролю.