Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 084

Пра станаўленьне

Калі мы з брацікамі былі маленькія, кожны бацька, кожны знаёмы дый кожны проста цікаўны ёлупень важыўся запытацца: кім вы хочаце стаць, дзеткі, калі пасталееце? Быццам гэта мае хоць нейкае значэньне! Кім, кім, кім? І паступова думка пра станаўленьне ўбілася ў нашыя ілбы, і мы патроху сапраўды пачалі хацець кімсьці стаць. Толькі Колік не паддаваўся на ціск. Спачатку ён папросту ігнараваў пытаньні, адмоўчваўся, а потым, калі дарослыя раз за разам ухвалялі нас, а на яго глядзелі паблажліва, як на малога, раззлаваўся. Ён пачаў дражніць і выкпіваць нас, і асабліва чамусьці нападаў на Валіка, які захацеў стаць мастаком.

– Уяві, Валю, у сьвеце зараз мільён мастакоў! І ўвесь гэты мільён сядзіць ля мальбэртаў і пэцкаюць пэндзьлікамі! І ты, як дурніла, будзеш сядзець і пэцкаць? Левай-правай, левай-правай! Я – адзін зь мільёна, гэта гучыць горда! Ха-ха!

Але Валік стрымана й лягічна адказваў:

– Ну добра, Колю, а ты што будзеш рабіць?

– Я нічога ня буду рабіць!

– У такім выпадку ты будзеш адным са ста мільёнаў гультаёў! Ха-ха! Валяюся на канапе й ганаруся!

Тады Колік абвясьціў, што ён будзе сядзець у куце й трымацца правай рукой за левае вуха! Такога ніхто ў сьвеце ня робіць, ну хіба што пару чалавек! І праўда, цэлы тыдзень ён не гуляў, ня песьціўся, не хадзіў на вуліцу і марнаваў увесь свой вольны час на сядзеньне ў куце й трыманьне правай рукой за левае вуха. Нам было шкада Коліка, і мы стараліся не зьвяртаць на яго ўвагу, каб не правакаваць упартасьць. Але праз тыдзень ён сам кінуў – бо зразумеў, што рызыкуе патрапіць у лік дзесяці мільёнаў вар’ятаў. «Людзей замнога, ўжо вельмі замнога», – палюбіў ён з тых часоў прымаўляць з крывой усьмешкай. З Валіка ён больш ня кпіў, цікаўных ёлупаў абыходзіў бокам і пакрысе ўліваўся ў лік ста мільёнаў крымінальнікаў.