Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 083

Пра заняткі сьпеваў

Наш школьны настаўнік сьпеваў, сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец, быў чалавек бяскрыўдны, але крыху шалёны, і мы доўга не маглі да яго прызвычаіцца. Прыкладам, у яго на стале стаяў партрэт Моны Лізы ў плястыкавай рамцы з сэрцайкам, быццам яна была ягонай дзяўчынай. І ён круглы год насіў паласатую вязаную шапачку, нават у сьпякоту. Сьпяваць ён не сьпяваў, толькі сіпеў на губным гармоніку, і чаму дырэктар наогул яго прыняў настаўнікам – гэта таямніца. Сэньёр Рунас часьцяком прапускаў заняткі толькі дзеля таго, каб паслухаць музыку ва ўласную асалоду, сам-на-сам, можна падумаць, іншага часу яму не хапала. Спачатку нам гэта падабалася, а потым стала злаваць, і мы ўсё выведалі. У ягоным кабінэце на падваконьні стаяў пляскаты чорны прайгравальнік, а са стала выцягвалася вялікая шуфляда, у якой ён захоўваў свае ўлюбёныя сто дыскаў, роўна сто. Ён рэгулярна выпісваў па каталёгах новыя дыскі – ён сам нам пра гэта распавёў – і абнаўляў калекцыю, аддаючы былых фаварытаў на пагарду й ганьбу. І калі шляхам ў школу мы знаходзілі ў памыйнай яме Кіта Джарэта альбо «Палаючыя вусны», змаляваныя зьдзеклівымі флямастарнымі рэмаркамі, то было зразумела, што ён зьмяніў іх на якіх-небудзь Маркуса Попа альбо «Сьмерць у чэрвені». Дзікая безгустоўшчына! Аднойчы мы ня вытрымалі і на вялікім перапынку залілі яму шуфляду з дыскамі расплаўленым плястылінам. Мы чакалі гішпанскае апантанасьці, але ён толькі пасьмяяўся: туды ім і дарога, дзеткі! І калі б толькі гэта. Бывала, глядзіць у кляснае вакно і ўздыхае: пасьля такой прыгажосьці, дзеткі, і памерці не шкада! Мы таксама глядзім туды, але нічога асаблівага ня бачым – бярозкі, птушкі. А падаконьнік вам таксама прыгожы? – пытаемся. І ён урачыста пацьвярджае, і пачынае апісваць годнасьці падаконьніка: і гладкі, і шырокі, і тоўсты. І так з усім. Аднойчы мы прынесьлі яму птушыны памёт у поліэтыленавым пакуначку і працягнулі. Але й тут ён застаўся задаволены – пачаў нахвальваць чалавечы нюх, наколькі ён, маўляў, моцны й чуйны, якія тонкія адценьні здольны адрозьніваць. Колік нават прапаноўваў замкнуць яго ў каморы на пару дзён – як ён тады засьпявае? Але мы памеркавалі й рассудзілі, что лепш не чапаць. Кім зрабіўся бы сэньёр Рунас без сваіх ружовых акуляраў – невядома. А раптам увёў бы розгі? І мы зусім пакінулі яго ў спакоі, а на занятках сьпеваў гулялі ў дурачка альбо палілі вогнішча за школьнай аранжарэяй.