Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 082

У антыкварнай краме

Аўтобус высадзіў мяне на ўскраіне вялікага горада, з шэрым небам і вільготным ветрам, з гарызонтам спрэс у фабрычных трубах. Таксістыя ў расхінутых дублёнках прапаноўваліся й бессаромна зазіралі ў вочы, але я хаваў твар і адварочваўся. Я нават ня ведаў, як называецца горад – зажмурыўся, калі праяжджалі паказальнік, каб ня ведаць. Знайсьці таго, хто сам ня ведае, дзе ён, удвая складаней – так я разважыў. Асвойваючыся, я цягнуўся па пярэстым гандлёвым галерэям, стаяў ля вітрын, разглядаў манэкены. У антыкварнай краме сівы спадар энэргічна паліраваў аксаміткаю медны імбрык, і я зайшоў паглядзець.

– Гэта што ў вас? – ён кіўнуў на карціну ў мяне пад пахай.

Я паказаў. Сапраўды, чаму б і не прадаць.

– Гэта ён?! – антыквар выпуліў на мяне вялізныя вочы.

Я паціснуў плячыма. Нейкая хатка.

– Гэта ж Вэляскес! – ён падбег да вымыкальніка, запаліў усе лямпы і ўтаропіўся акулярамі ў карціну. – Вэляскес!

– Ня думаю, – паспрабаваў я астудзіць ягоны запал, але ён толькі раўніва тузануў плячом.

– Гэта Вэляскес!

– Але дазвольце, Вэляскес маляваў вяльможаў, а тут вясковая хатка і яблыні... Куры нейкія...

– Малады чалавек! Вы будзеце мяне вучыць? Што вы хочаце за вашага Вэляскеса?

Я падняў далоні і падняў бровы, імкнучыся надаць жэсту найбольшую нявызначанасьць. Ён коратка застагнаў і пабег у бакоўку. Бываюць жа такія энэргічныя сівыя спадары! Я зазірнуў за ім: ён прысеў каля сэйфа і пікаў кодавым замком. Павярнуўся: «Сакваяж ёсьць?» Сакваяжа ў мяне не было, і ён схапіў свой ​​партфэль, вытанчана-кракадзілавы, карычнева-каньячны, вытрас зь яго паперы і пачаў набіваць пачкамі банкнотаў. Даляры, дойчмаркі, фунты стэрлінгаў, японскія ены, нейкія незразумелыя аблігацыі, даверху, з горкай. Я прыняў партфэль, зьлёгку адхінаючы руку й малюючы на ​​твары агіду напалову з пагардай, і мовіў:

– І імбрык.

– Які імбрык?

– Медны.

Ён войкнуў, на сэкунду зажмурыўся, нібы разьвітваючыся зь імбрыкам, а потым кінуўся, сунуў яго ў пакунак з нахільнымі надпісамі «дзякуй» і падштурхнуў мяне да дзьвярэй. Не сьпяшаючыся, я выйшаў і рушыў далей, у адной крамцы прыцаніўся да паласатых шалікаў, у другой спытаў папяросы, у трэцяй даведаўся, дзе тут бліжэйшае агенцтва нерухомасьці.