Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 081

Пра ракавыя шыйкі

Па серадах а трэцяй, калі не было дажджу, мы ўсёй сям’ёй выпраўляліся на абед да бургамістра, што месьціўся з жонкай, дачкамі і шматлікай чэлядзьдзю ў двухпавярховай сядзібе за млынкамбінатам. Здалёк углядзеўшы нас у бінокаль, бургамістар выходзіў за браму, расстаўляў ногі мацней і сьпяваў невялікую прывітальную арыю, часам з Караля Артура, часам з Маўра. Ён быў неверагодна тоўсты і дзеля свабоды рухаў насіў найшырэйшыя шэвіётавыя бэрмуды і прасторнае гішпанскае понча. Яму падабаліся пярсьцёнкі з рубінамі, паясовыя кінжалы й адмысловыя пірсынгі, якія ён зрэшты сабе не дазваляў. Жонка ягоная, Мар’я Сьцяпанаўна, да рэвалюцыі валодала рачным портам, была жанчынай спаважнаю, нешматслоўнай, і любіла прыгаворваць: у добры час сказаць, а ў благі памаўчаць. Мы з брацікамі падазравалі, што яна хоча выдаць за нас сваіх дачок, і загадзя дамовіліся наадрэз адрынуцца, калі зойдзе гаворка. Але дзяўчаты былі такія далікатныя й вытанчана-бледныя, што мы не адводзілі ад іх погляд ні на хвіліну. Яны таксама калі-нікалі паглядалі цераз стол у наш бок, часам нават гульліва, скрозь куфлі альбо скрозь цукровыя крэндзелі. Кожнага разу, як падавалі суп, прыгажуні заміралі, быццам зь нечаканасьці, і кранальна міргалі – яны не пераносілі бульбяны суп, але пры гасьцях саромеліся адмовіцца. Аднойчы паміж стравамі яны павялі нас у сваю сьвятліцу, упрыгожаную партрэтамі Сьвіфта й Дэфо. Мы сядзелі на ложку зусім побач, амаль удотык, і ўпершыню разглядалі іхныя твары ва ўсіх падрабязнасьцях: прыпухлыя з гарачага супу вусны, зялёныя з крапінкамі вочы, насы з высакароднымі гарбінкамі, якія крышачку нацягвалі скуру знутры. Вейкі ў іх былі сьветлыя, амаль непрыкметныя, і павекі праз гэта здаваліся асабліва цялеснымі й адкрытымі, а вочы – яркімі, зіхатлівымі й прыцягальнымі. Ні мы, ні яны ня ў сілах былі стрымліваць пачуцьці: мы схапіліся за рукі й пакляліся адно аднаму не разлучацца больш ні на імгненьне, што б ні здарылася. Мы замкнулі дзьверы і пацягнулі да іх трумо й піяніна, але бургамістар ужо адчуў нядобрае і загрукатаў уверх па лесьвіцы. Ён мог бы разбурыць нашу барыкаду адным толькі рухам, але палічыў за лепшае дзейнічаць лісьліва: паабяцаў нам вандроўку на катамаранах, паветранага зьмея і экскурсію ў забаронены для дзяцей музэй катаваньняў. Мы з сумневам пераглядваліся й маўчалі, а ён, ня ведаючы, што ў нас адбываецца, абяцаў усё больш, усё шчадрэй: і новыя сукенкі, і хакейныя клюшкі, і кацянятаў, і заняткі па танцам, і ракавыя шыйкі. На ракавых шыйках мы запляскалі ў ладкі й гучна пракрычалі пра нашую згоду. Мы хутка рассунулі трумо й піяніна, адамкнулі дзьверы і напрыканцы лёгка пацалаваліся ў шчокі – адклаўшы клятву альбо зусім адмяніўшы яе, мы скакалі ўніз праз тры прыступкі, а жонка бургамістра ўсьміхалася й зноў і зноў паўтарала сваю прыказку.