Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 080

Пра сьметанковае масла

Больш за ўсё на сьвеце наш тата пагарджаў сьметанковым маслам. Калі тата ўспамінаў пра сьметанковае масла, бровы ягоныя панура хмурыліся, а куткі вуснаў апускаліся, быццам ён з усіх сілаў стрымліваў праклёны, што падступалі зь нетраў душы. Затое перад маргарынам тата млеў. За сьняданкам, гледзячы, як мы ўмінаем тоўстыя, шчодрыя маргарынавыя бутэрброды, ён упадаў у сэнтымэнтальны настрой і сардэчна ўздыхаў:

– Ешце, ешце, дзетухны мае. Карова – дурніца, маргарын – маладзец!

Вочы ягоныя набрыньвалі вільгацьцю, і ён, ня ў сілах падолець замілаваньне, уставаў і хадзіў укруг стала, ласкава гладзячы нас па галовах. Але часам, не ўтрымаўшы абурэньня, ён спыняўся, гнеўна тупаў нагамі і люта грымеў:

– Ну а калі я хоць раз – паўтараю, хоць адзін толькі раз! – заўважу, што хтосьці з вас!.. Еў сьметанковае масла!.. Я!.. – і, абводзячы нас пагрозьлівым позіркам, тата загадваў: – За мной!

Мы, пасьпешліва глытаючы рэшткі бутэрбродаў, паслухмяна беглі за ім. Тата спускаўся па гулкай лесьвіцы ў гараж, запальваў сьвятло і расхінаў дзьверцы варштата. Мацаў унутры, абіраючы велізарны цьвік, і моцнымі рухамі выцягнутых рук згінаў і разгінаў яго. Раз, раз, раз! Цьвік пакорліва ламаўся, і тата працягваў нам ягоныя астанкі, няроўныя й гарачыя на зломе.

– Вось так будзе з кожным! Уразумелі?

– Так, татухна.

Мы вельмі любілі й паважалі тату, але з пачуцьця пратэсту й цікаўнасьці нам нястрымна карцела паспрабаваць сьметанковага масла, хоць бы маленечкі кавалачак. І вось аднойчы, выбраўшы пахмурную бязьмесячную ноч, мы разьбілі вакно ў гастраноме нумар тры і забраліся ўсярэдзіну, сьвецячы ліхтарыкамі. Мы знайшлі малочны аддзел і, дрыжучы з узбуджэньня, пачалі перабіраць халодныя брыкецікі масла – якога пакаштаваць? Першы адважыўся Валік – ён адгарнуў фальгу, зажмурыўся і лізнуў. Як гідка, прашаптаў ён. Усьлед за ім асьмеліліся й мы – разгортвалі, нюхалі, кусалі. Я да цяперашняга часу памятаю гэты невыносна агідны смак сьметанковага масла! Мы доўга пляваліся, выціралі языкі сурвэткамі, запівалі масла дзюшэсам – але ўсё дарма, ягоны брыдкі смак крэпка прыклеіўся да нашых гартаняў. І толькі дзякуючы Хуліё, які сьцяміў закусіць маргарынам, мы здолелі ад яго адкараскацца.

З тае пары мы заўсёды верылі таце і ніколі не сумняваліся.