Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 07F

Пра адказнасьць

Калі мы былі маленькія, Восьмае сакавіка ў нашым горадзе лічылася найважнейшым сьвятам і адзначалася з асаблівай помпай і пышнасьцю. З самае раніцы трэскаў і грукатаў салют, на вуліцах было не прайсьці праз кветкі, паветраныя шары, жанглёраў і акрабатаў, з дахаў хат раз-пораз шпурлялі сэрпантын і пэргамэнтных драконаў, а на плошчах запускалі фантаны з чырвоным і ружовым пеністым віном. Па традыцыі, тата роўна апоўдні дарыў маме раскошны падарунак, кальцо з дыямэнтам альбо закладны вэксаль, а потым мы ўсе разам ладзілі перад ёй невялікі сямейны паказ. Падчас мы сьпявалі, падчас танцавалі, а падчас, прыбраўшыся ў старадаўнія карункі зь лямбарда, гулялі спэктакаль. Прыкладам, была кароценькая пастаноўка, у якой мы з брацікамі па чарзе дэклямавалі павучальныя выказваньні розных заслужаных людзей, а тата, схаваўшыся за лядоўняй, пранікнёна-аксамітным голасам аб’яўляў іхныя імёны і прафэсіі:

Мы ў адказе за тых, каго прыручылі! Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, авіятар

Мы ў адказе за тых, каго навучылі! Вера Мікалаеўна Конанава, пэдагог

Мы ў адказе за тых, каго палячылі! Марцін Крыстафэр, хірург

Мы ў адказе за тых, каго накармілі! Сурэн Авакян, кухар

Мы ў адказе за тых, каго пасадзілі! Гюнтэр Вайнкопф, судзьдзя

Мы ў адказе за тых, каго замачылі! Паола Веранэзэ, мафіёзі

Мы ў адказе за тых, каго заразілі! Ван дэр Маален, носьбіт ВІЧ

Мы ў адказе за тых, каго ўкусілі! Андраш Мікеш, вампір

Мы ў адказе за тых, каго апрамянілі! Пі Пі, іншаплянетнік

Мы ў адказе за тое, што пілі! Алесь Буховіч, алькаголік

Мы ў адказе за соус чылі! Усе разам, стройным і мужным голасам

Гэтая пастаноўка ня вельмі спадабалася маме – яна палічыла, што мы незаслужана кпім зь ейнага ўлюбёнага Экзюпэры, і ў пакараньне прымусіла нас ускапаць і ўгнаіць усе прызначаныя пад радыску градкі, нягледзячы на сьвята.