Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 07E

Пра выхваляньне

У дзяцінстве мы з брацікамі таксама былі сапраўдныя максымалісты. Калі хтосьці хоць крышачку нам падабаўся, мы захапляліся ім безумоўна і ўсхвалялі да нябёсаў, а калі хоць чымсьці гідзіў, адразу ненавідзелі і намагаліся зьнішчыць. Асабліва даставалася суседзям – тым, хто падазраваўся намі ў розных ганебнасьцях і мярзотах. Некаторыя зь іх, якія здолелі даказаць сваю невінаватасьць, велікадушна выбачаліся намі, зь іншымі жа, высьведчанымі, мы абыходзіліся па ўсёй строгасьці.

Аднойчы ў пачатку ліпеня ў хату на ўсход ад нас засяліўся прыстойны мужчына пад шэсьцьдзесят, сярэдняга росту, паўнаваты, круглатвары, аматар дыхтоўных ваўняных гарнітураў, якія ён насіў нават дома – мы бачылі ўсё скрозь шчыліны ў плоце. Некалькі дзён ён усьміхаўся і махаў нам здалёку, а неўзабаве прыйшоў знаёміцца. Першай жа справай ён захапіўся мамчыным кветнікам, і зь вялікай увагай выслухаў ейны аповед пра вяргіні і гіяцынты, вохаючы і падтакваючы. Увайшоўшы ў хату, ён уцягнуў паветра і з паважлівым зьдзіўленьнем спытаў, чым у нас пахне. «Адмысловая сумесь латакіі?» –запытаўся ён у таты. Тата горда пацьвердзіў і, пасадзіўшы суседа ў фатэль, пачаў задаволена распавядаць пра цярністы шлях, па якім яму давялося прайсьці ў пошуках свайго тытуню, і як цяпер ён выпісвае яго з самой Вірджыніі. Сусед слухаў і салодка пасьміхаўся, жмурыўся, глыбока дыхаў; адну руку ён трымаў у кішэні, а другой паціраў грудзі пад пінжаком. За гарбатай з грэнкамі й абрыкосавым джэмам сусед цмокаў і стагнаў з задавальненьня, закочваў вочы і найпадрабязьнейшым чынам запісваў у нататнічак рэцэпты. Пра сябе ён казаць пазьбягаў – жыве маўляў ціха і сьціпла, зьбіраецца завесьці коціка – і адразу мяняў тэму, нахвальваючы маме ейных дзетак, гэта значыцца нас. Колік штурхнуў мяне каленкай: будзь напагатове. Слухаючы, як Валік выхваляецца апошняй карцінай, а Толік мяньціць пра свае посьпехі ў прыродазнаўстве, я з увагай разглядаў суседзкі твар: чорныя вочы хаваліся ў шчасных шчылінках, барвовыя вусны блішчалі, кончык языка непрыстойна палізваў у куткох.

Уначы мы ўчынілі савет: мы ўжо аканчальна пераканаліся, што наш сусед – пачвара, але пакуль ня ведалі, якія менавіта злачынствы ён творыць. Мы пастанавілі сачыць яго, і ўвесь наступны дзень назіралі, як ён бяз справы шпацыраваў па гораду й вітаўся зь мінакамі: тых, хто быў ня супраць пабалбатаць, ён запрашаў на лавачку ці за столік кафэ, частаваў півам ці кавай і, спрытна накіраваўшы размову да выхваляньня, жмурыўся, пагладжваў сябе і глыбока дыхаў. Хутка зрабілася відавочна, што наш сусед сілкуецца чужым самаздаволеньнем, і мы ўсёй душой зьненавідзелі яго. Назаўтра мы падпільнавалі суседа ў кандытарскай, і, напрасіўшыся на пачастунак, выбралі месца ў глыбіні залі. Мы адціснулі суседа ў кут, акружылі яго з усіх бакоў і, не чакаючы пірожных-макаронаў, прыняліся выхваляцца. Хуліё сказаў, што практычна ўсе дзяўчаты ў горадзе закаханыя ў яго – сусед адразу заўсьміхаўся і сыта звузіў вочкі – і доўга пералічваў імёны, прычоскі, а калі нарэшце згадаў, што сама герцагіня даслала яму ўмольны ліст са згодай на ўсё, сусед закрактаў з асалоды і прамакнуў сурвэткай лоб. Не даючы яму апамятацца, Колік пахваліўся, што ведае на памяць усе прэлюды Баха, і можа па адной толькі ноце пазначыць нумар па каталёгу, дату напісаньня, дату першай публікацыі, выканаўцу й студыю грамзапісу. Сусед зглытваў і дрыготкай рукой церабіў гальштук, ён зьняў пінжак, хрыплым голасам паклікаў гарсона і папрасіў «яшчэ ласункаў мілым дзеткам, ды пабольш, а мне халоднай вадзіцы». Тады Толік узяў слова і вокамгненна перамножыў адзінаццаць шасьцізначных лікаў, выняў з выніку корань трэцяй ступені, вылічыў натуральны лягарытм, а потым узяўся транспанаваць матрыцы Якобі – няправільна, але напорыста, не пакідаючы часу на праверку – і сусед патроху спаўзаў з канапкі, расшпіліўшы кашулю і задыхаючыся. Толік міргнуў Валіку, і Валік заявіў, што праз год ён зробіцца найвялікшым мастаком у горадзе, а праз два – у сьвеце, яму маўляў ўжо прыйшло афіцыйнае апавяшчэньне з Луўра, у пазалочанай канвэрце. Потым мы падняліся і ўрачыстым хорам распавялі, што наша генэалягічнае дрэва ўзыходзіць да Вільгельма Заваёўніка, сына Роберта Магніфіка. Сусед хрыпеў, сінеў, і ўжо яўна нічога ня чуў, але я нахіліўся да яго й рытмічна заганяў проста ў вуха: «Я! Я! Я!», пакуль той не застыў з ружовай пенай на вуснах.