Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 07D

Пра арабіку ды рабусту

Мой брат Толік расказваў, што ў час службы ў войску яго да паўсьмерці замучыў адзін злосны капрал. Капрал быў вялікі прыхільнік кавы і зьдзекаваўся з навабранцаў ня як усе, а адмыслова: варыў каву зь непадпісанага слоічка і прымушаў спрабаваць і адрозьніваць на смак арабіку ад рабусты. Хто не адрозьніў – дзесяць кругоў вакол казармы з поўнай выкладкай! Празь месяц усе салдацікі навучыліся вызначаць гатункі прыўдала, і толькі Толік працягваў бегаць вакол казармы, праклінаючы свой ​​неадчувальны язык. А больш за ўсё на сьвеце Толік ненавідзеў бегаць! Але Толік ужо тады быў інжынэр, і ён пакляўся вывесьці ўнівэрсальны Закон Арабікі ды Рабусты, не завязаны на слабыя і недасканалыя ворганы ўспрыманьня. Кожную раніцу перад катаваньнем ён уважліва прыкмячаў усё вакол – воблачнасьць, тэмпэратуру, колькасьць птушак у небе, хуткасьць ветру, бляск ботаў капрала ў люмэнах, інтэнсіўнасьць брэху далёкае сабакі ў долях дэцыбелаў – назіраў і шукаў заканамернасьць. І на бягу, задыхаючыся, праводзіў пільны аналіз. І нарэшце знайшоў! На дзіва проста: перад першым глытком кавы трэба паглядзець на гадзіньнік, памножыць лік хвілін на два пі і ўзяць сінус! Калі вынік дадатны – у турцы арабіка, калі адмоўны – рабуста. Як усё лёгка! Толік радаваўся, штодня з гонарам перамагаў і больш ужо ніколі ня бегаў вакол казармы. Капрал разводзіў рукамі і ўздыхаў – больш не было каго ганяць з поўнай выкладкай.

– Толік, Толік, – сьмеючыся, пыталіся мы, – а што, калі б капрал засыпаў у турку сумесь арабікі і рабусты?

– Гэта было немагчыма, – адказваў Толік. – Наш капрал быў сапраўдным пурыстым. Альбо арабіка – альбо рабуста! Сумесі – для сьвіней, так ён казаў.