Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 07C

Пра аднаго паштара

Ну, а калі ўспамінаць паштароў, дык усе яны як адзін былі надзвычай дзіўныя, і ўсё хутка некуды зьнікалі. Напрыклад, адзін зь іх меў невытлумачальную непрыязнасьць да мёртвых і заўсёды моршчыўся, калі заходзіў з тэлеграмай у нашу хату (тут трэба дадаць, што ў нас звычайна гралі й сьпявалі мерцьвякі: то Брамс, то Барток, а то нават Цой).

– І ахвота вам мярцьвячыну гэтую спажываць? – пляваўся паштар, чакаючы подпісу.

– Дух – бесьсьмяротны, – адказваў тата расьсеяна, калі быў дома.

– Яны не мерцьвякі, яны зараз глядзяць на нас зь неба і радуюцца, – адказвалі мы рахмана, калі таты не было.

– Сьмярдзіць як! Глядзіце, і самі засьмярдзіце, – пагражаў ён няпэўна. – Мала вам жывых, ці што? Жывых спажывайце, кіньце нэкрафагію! Яд, трупны яд! Паслухайце добрага савета: кіньце.

Сам жа ён быў не занадта здаровага выгляду: вочы гараць, шчокі запалі, скура зеленаватая, з ноздраў кусьціцца жорсткі волас. Але мы яго не баяліся, прывыклі да ўсякіх дзівакоў. Пачастуеш яго, бывала, белым хлебам зь мёдам – ​​ён прыме і есьць з апэтытам, а пальцы худыя-худыя, кіпцюрыстыя. Пахадзіў ён, пахадзіў, а неўзабаве і зьнік; людзі казалі, што спачыў: глядзіць цяпер на нас зь неба і радуецца.