Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 07B

Пра новага фізкультурніка

Аднойчы пасьля вялікага перапынку, калі мы сыта аддзімаліся і летуценна прыцмоквалі, дырэктар увайшоў у клясу зь незнаёмым чалавекам, атлетычным шатэнам у сінім спартовым гарнітуры і буцах.

– Ура, хлопцы! – сказаў дырэктар з гонарам. – Цяпер у вас новы настаўнік фізычнай культуры, ён будзе весьці толькі фізкультуру і нічога больш. Гэта сапраўдны прафэсіянал, тройчы чэмпіён футбольнае лігі, непераможны галкіпэр Уда Дыркшнайдэр! Сустракайце!

Новы фізкультурнік раскланяўся з прыязнай усьмешкай, і мы ветліва папляскалі, але ён нам адразу не спадабаўся сваімі буцамі і выпнутымі грудзьмі. На наступны дзень, седзячы на лаўцы ў спартзале i чакаючы званка, мы змрочна назіралі, як ён разьмінаецца – кідае ў сьценку мячык, энэргічна баксуе і адціскаецца на моцных пальцах.

– Так! Пастроіліся па росьце! – загадаў ён бадзёра. – Так-так. Я бачу, кожны з вас хварэе на залішнюю вагу. Таму мы будзем шмат бегаць, скакаць і гуляць – паліць калёрыі. Нельга быць такімі тоўстымі, гэта шкодна для здароўя і проста непрыгожа! Згодныя?

Першым усхліпнуў Хуліё. За ім прасьлязіўся Валік і ўцёрся рукавом. Толік захлюпаў носам і высмаркаўся ў хустачку. Колік закрыў твар рукамі і затросься. Я моўчкі стаяў, не хаваючы гаротныя сьлёзы.

– Што? Што такое, хлопцы? Ня бойцеся, заняткі будуць вясёлыя й не занадта складаныя!

Але нас было ўжо не спыніць! Хуліё працяжна стагнаў, склаўшы рукі і падняўшы твар да высокай столі; Валік зажмурыўся, прысеў на кукішкі і галасіў; Толік хрыпеў і задыхаўся, бесьперапынна ікаючы; Колік скавытаў, а я гучна клікаў маму. Фізкультурнік, вядома, ня быў гатовы да гэткага павароту. Ён мітусіўся вакол нас, суцяшаючы, угаворваючы і працягваючы рукі. Убег дырэктар з мяшком шакалядак і, гнеўна зірнуўшы на фізкультурніка, пачаў шаргацець фальгой і частаваць нас, але мы адштурхоўвалі яго. Хуліё катаўся па падлозе, нема завываў; Валік, вар'яцка вылупіўшы вочы, разрываў вопратку і драпаў сабе грудзі; Толік з размаху біўся галавой аб швэдзкую сьценку; Колік з ровам і соплямі выдзіраў пукі валасоў з галавы і кідаў у фізкультурніка, а я залез на падаконьнік, адчыніў акно і адрынута выпрастаўся на фоне ранішняга неба. Вецер прыгожа разьвяваў мае валасы, і я з горыччу чытаў элегію Багушэвіча, разьвітваючыся зь несправядлівым сьветам.

– Вось бы паказальна адлупцаваць вас, маленькія таўстуны! – усклікнуў раззлаваны фізкультурнік, але дырэктар зашыкаў на яго і напаўголасу распавёў пра нашага тату, што той франтавік, і засечак на ягоным прыкладзе больш, чым футбалістаў у УЕФА. Тут новы фізкультурнік прыкусіў язычок і ціхенька звольніўся. З тых часоў фізычную культуру зноў стаў выкладаць сэньёр Рунас.