Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 07A

Пра разуменьне

У дзяцінстве я не разумеў вельмі многа чаго. Напрыклад, я не разумеў, навошта па суботах абавязкова хадзіць у тэатар, навошта абавязкова на Зюскінда, навошта абавязкова ісьці туды ў кампаніі сям'і старшыні гарвыканкама і сям'і старшыні райспажыўсаюза і навошта абавязкова запрашаць іх перад тэатрам на абед. Нават калі тата з мамай рахавалі, што ў будучыні мы з брацікамі ажэнімся са шматлікімі дачкамі старшыняў, гэтыя суботы ўсё роўна былі недарэчна заўчаснымі – так я думаў. І вось аднойчы, калі служанкі разьлівалі суп, тата са старшынямі абмяркоўвалі нейкага вугорскага кінаапэратара, а мамы й дачкі балбаталі пра экспрэсіяністаў, мяне быццам муха ўкусіла.

– А вось я не разумею! – віскнуў я і падхапіўся.

Усе павярнуліся да мяне ў непаразуменні, а я пасьпешліва цяміў, на што абрынуцца, і абрынуўся на самае каштоўнае.

– А вось я не разумею, у чым сэнс гэтага вашага таркоўскага «Зэркала»! Няма ніякага сэнсу! Прыгожы фанцік! Вадзіца! Пустышка! Вартае жалю перайманьне італьянцаў! Бамбіза-школьніца, якая стварае глыбокія вочы перад трумо!

Я бачыў, як на ілбе ў таты надзімаюцца жылы шаленства, як старшыня гарвыканкама ў лютасьці рве на шматкі сурвэтку, як старшыня райспажыўсаюза сьціскае чыгунныя кулакі – але ўсё б можа і абышлося, калі б ня Колік. Колік падбег, стаў побач са мной, скрывiў жахлівую рожу, падняў нагу і працяжна пёрнуў!

Нават пасьля маёй дзёрзкай прамовы гэта ўчыніла эфэкт выбуху. Навошта ён гэта зрабіў? Каб падтрымаць мой выклік грамадзкім асновам? Каб падкрэсьліць глупства маіх слоў? Не разумею... Усё таргануліся, быццам атрымалі поўху – а потым тата і старшыні ўскочылі, перакульваючы крэслы, і з ровам рынуліся да нас! Яны скруцілі, зьмялі нас, кінулі на канапу, сарвалі штаны і доўга, доўга сьцябалі дзягамі. Ых! Ых! Бі, не шкадуй! Шчанюкі! Клікнулі конюха, ён прынёс папругу, пачалі хвастаць папругай. Ых! Ых! Пачвары няўдзячныя! Малакасосы! Мамы й дачкі асуджальна глядзелі, а брацікі зларадна паказвалі нам языкі.

Затое ў тую суботу мы не пайшлі на Зюскінда.