Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 079

Гэта нясьцерпна

Гэта быў спачатку сама звычайны дзень – папіскваў прынтэр, пастукваў сканэр, рэклямар і праграмар пілі піва і елі эклеры. Белыя кропелькі ў куткох вуснаў: гідка, але звыкла. Але потым пазваніў той пузаты заказчык, ён таксама нешта жаваў у вакенцы чата – і загадваў. Тлустая буржуйская рожа! Мы ўсё сьцепануліся з агіды, але й гэта было будзённа. Рэклямар ківаў, лісьліва такаў, а калі чат згас – павярнуўся да праграмара і скамандаваў: ты зразумеў? Так, сэр! Праграмар падышоў да нас, зьнясіленых банэрамі боцікаў, і прасіпеў: трэба пайсьці ў онляйн-дзёньнік да дзевачкі Каценькі і прарэклямаваць ёй брыдкія вычварэнствы. Хто з вас пойдзе? Палова з нас адразу апрытомнела! Дзяўчынка Каценька вучылася ва ўнівэрсытэце, захаплялася кінастужкамі і любіла коцікаў – і зь ёй, зь ёй трэба было зрабіць гэта!.. Ролю, ты пойдзеш. Не, не! – сказаў я. Я быў ужо многайчы мучаны тым праграмаром, і біты, і катаваны, і жывуткага мейсца на мне даўно ўжо не засталося, і гатовы я быў ​​на ўсё – але толькі не на гэта! Не! Што?.. Што ты сказаў? Што ты паважыўся мне сказаць? І ён пачаў, як заўсёды, замяняць у маім целе зьменныя на пастаянныя. Гэта было так, быццам рукі-ногі гіпсавалі ў балючых паставах, але я скрыгатаў зубамі і трываў! Я быў звыклы да пакутаў і вырашыў гэтым разам выстаяць! І ён, злосна прыжмурыўшыся, наблізіў да мяне твар: ах так? Чакай жа, непакора! І стаў яшчэ хутчэй пстрыкаць па клявіятуры. Усе мае сябры-боцікі плакалі з жаху, а я плакаў праз боль і страшнае прадчуваньне. І тут ён увёў у маё цела формулу, якая бясконца дакладна вылічвае велічыню пі. Вы ўмелі ў дзяцінстве прасоўваць нітачку з носа ў рот? Непрыемна, але затое фокус. А тут – нібы тоўстую, грубую вяроўку прасунулі з рота ў зад і бясконца цягнуць. Гэта нясьцерпна! І я страціў прытомнасьць, а калі ачуўся – расплакаўся, упаў на калені і маліў праграмара аб літасьці. І я пайшоў да Каценькі ў дзёньнік і прарэклямаваў брыдкія вычварэнствы. І Каценька глядзела на іх круглымі вачыма. І буржуй сыта лічыў даляры.

І я пакляўся сабе: клянуся! Пра што я кляўся, я пакуль ня ведаў, але мая клятва гарэла як агонь! Яна абавязкова павінная была зьдзейсьніцца!