Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 078

У аўтобусе

Зь лесу я выскачыў у яр, у купіны, у карэнішчы і сьнег, зь яру – да аўтобуснага прыпынку. Лаўка, празрыстая сьценка, нахільны брылёк. Ледзяны вецер тузаў вузенькую аб'яўку «Шчаняткі, Кацяняткі», і ў мяне сьціснулася сэрца. Хто і навошта набывае гэных кацяняткаў?.. Міма праносіліся велічэзныя грузавікі, раўлі, ірвалі паветра, злавеснае «Мяса, Мяса» на чорных фургонах, барвовых прычэпах, а я стаяў пад вузенькім брылём, безабароннае зайчаня ў брудных пырсках.

Яшчэ хвіліна, і я б ня вытрымаў, я б памёр, але мне зноў была зробленая літасьць: жвавы аўтобус з рэклямай асьпірына, згледзеўшы мяне, велікадушна зьмяніў паласу, запаволіўся і адчыніў дзьверы. Я ступіў усярэдзіну, і ён ірвануў далей. Трымаючыся за дрыготкі поручань, я азіраўся, а шафёр сьмяяўся мне і пляскаў далоньню па дыванку каля рычага: сюды, сюды плаці! Дыванок быў завалены меднымі і бронзавымі манэтамі, фальшывымі сьпінтрыямі. Я ня меў грошай і кінуў на дыванок сваю шапку, дыхтоўную, крэпкую вязаную шапку, якая каштавала двух такіх аўтобусаў, але шафёр кінуў сьмяяцца, выпусьціў руль, замахаў рукамі, затармазіў. Але ззаду абурыліся, заступіліся: хай едзе! хай едзе! ці ня бачыш, што за чалавек! ехай давай! нябось не зьбяднееш!..

Я сеў у канцы салёна і глядзеў у вакно на панурыя елі, спачатку пагартаў Карнэля, потым пачаў слухаць. Двое ззаду размаўлялі асьцярожнымі мужчынскімі галасамі: раней бывала ўбачыш дзяўчыну і вух, а цяпер перш на суставы глядзіш, на шырыню значыцца, суставы яны братка важныя, і каб залозы бяз хібаў, мяне яшчэ бацька папярэджваў, а я па маладосьці ня верыў. Я перасеў, каб ня чуць. Наперадзе ў прагале між сядзеньняў пагойдваліся далікатнае вушка, срэбная кропелька, русявая пасмачка, і я выцягнуўся, спрабуючы разгледзець ейныя суставы, але яна спала, захутаўшыся ў доўгі пухавік, рукі ў рукавіцах. Праз праход – непакойная тоўстая старая; яна папраўляла высокі бярэт, то зрушвала, то ледзь паварочвала, падлазіла пальцам і пачэсвала. Зьняла: пераклала ўнутры нейкія анучы, мяшэчкі, хустачкі, надзела зноў. І раптам задрала рукаў і ўкусіла сябе за друзлую локвіцу. Павярнулася да мяне – ці бачыў – але я пасьпеў адвярнуцца. Чые гэта хустачкі? – думаў я панічна. Калі я заплюшчваў вочы, мне здавалася, што нехта нячутна падыходзіць да мяне і заносіць сякач; у адчыненыя вочы лезьлі жудасныя падрабязнасьці, скура, мяса. Я сеў да шафёра і аддаў яму свой ​​сіні шалік. Ён прыняў як належнае, сур'ёзна кіўнуў; цяпер, хай і ненадоўга, але я быў ​​пад ягонай абаронай. Я раскрыў Расіна і разглядаў літары, рахманы разварот, прыстойную паперу, і пакрысе зноў змог успамінаць.