Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 077

Пра жаніцьбу Валіка

Калі мама заўважыла, што мы з брацікамі дасягнулі сталасьці, яна сабрала нас і распавяла пэўны, спраўджаны пакаленьнямі спосаб выбару нявесты. Прыйшоўшы да дзяўчыны дадому, трэба непрыкметна правесьці пальцам па паліцы, па падаконьніку або па сьпінцы крэсла: калі на пальцы застанецца пыл, дык дзяўчына – неахайная, і трэба хутчэй сыходзіць, калі ж палец акажацца чысты, дык можна сьмела жаніцца. Узрадаваныя прастатой і надзейнасьцю мэтаду, мы горача дзякавалі матухне, а больш за ўсіх быў задаволены Валік – бо ён ужо даўно марыў спалучыцца шлюбам. На чарговым гуляньні па бульвары ён падышоў да дзяўчыны ў белай сукенцы, якая чытала кнігу пад каштанам. Мы стаялі воддаль і ня чулі іхнае размовы, але хутка Валік падаў дзяўчыне руку, дапамагаючы падняцца, і яна павяла яго праз сквер да сваёй хаты. Мы чакалі больш за гадзіну, але не сумавалі – елі марозіва, цукровую вату і дражэ, пілі ліманад. Нарэшце з параднага выбег шчасьлівы Валік, ён здалёк махаў нам і крычаў, што старанна праверыў усюды, і чысьціня – ідэальная, нават у сама захаваных кутох вэранды і тэрасы. У радасным хваляваньні мы пашыбавалі да крамы гатовага адзеньня, каб прымерыць Валіку белы шлюбны гарнітур, але раптам Колік усклікнуў: стойце! Бо мэтодыка недасканалая! Што, калі пыл выцірала не яна, а ейныя бацькі? Мы спыніліся, уражаныя відавочнасьцю. Мы вярнуліся назад, пазванілі ў дзьверы і прапанавалі бацькам нявесты чэсны варыянт: мы забіраем дзеўку на два тыдні на выпрабаваньні, а ў заклад пакідаем Ролю, ён мала есьць і сядзіць ціха. Бацькі павялі сябе дзіўна: няўпэўнена пераглянуліся і нахмурыліся. Калі так, заявіў Валік гнеўна, дык я скасоўваю заручыны! І мы завярнуліся і пайшлі, ганарлівыя, але засмучаныя. А маме не сказалі нічога, каб ня вагаць лішняга разу ейны ідэалізм.