Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 076

Пра жаніцьбу Коліка

Калі мой брат Колік дасягнуў сталасьці, ён таксама неадкладна захацеў ажаніцца.

Ён даў аб'яву ў газэту, і яму адразу пачалі прыходзіць лісты. За тыдзень прыйшоў цэлы велізарны мяшок. Колік задуменна хадзіў вакол мяшка, і мы спыталі, калі ж ён нарэшце сядзе чытаць. Але Колік адказваў, што чытаць лісты ня мае ніякага сэнсу. Бо зашмат фактараў. Напрыклад, калі напісана без памылак, дык ня факт, што дзяўчына прыгожая. Калі яна прыгожая, дык ня факт, што яна здаровая. Калі яна здаровая, дык ня факт, што ДНК добра супадаюць. Калі ДНК супадаюць, дык ня факт, што яна са шчаснай сям'і. Калі яна са шчаснай сям'і, дык ня факт, што яна не дурная. Калі яна не дурная, дык ня факт, што яна не палятуха. І наагул, ня факт, што яна ня зманіць. І наагул, усё вельмі хутка мяняецца – што сёньня праўда, тое заўтра хлусьня. Таму, сказаў Колік, патрэбны прынцыпова іншы альгарытм выбару нявесты.

Мы пагадзіліся і пачалі прапаноўваць альгарытмы. Хуліё: абраць ліст з сама прыгожым почыркам. Я: абраць ліст, на якім больш за ўсё паштовых марак. Толік: абраць самы вялікі канвэрт. Валік: абраць самы доўгі тэкст. Але Колік раскрытыкаваў нашыя спосабы як недастаткова аб'ектыўныя. Ён прагнуў абсалютнае бесстароннасьці.

Колік ізноў даў аб'яву ў газэту, з заклікам прапанаваць яму аптымальны мэтад выбару нявесты зь мяшка. Ягоная праблема аказалася блізкая шмат каму, і водгукі пасыпаліся адразу ж, пераважна дзівачныя і мудрагелістыя. Скласьці лісты самалёцікамі – які далей праляціць з балькона. Скласьці лісты караблікамі – які далей праплыве па ручаі. Падпаліць лісты – які будзе даўжэй гарэць у вунітазе. Пералічыць лісты і вырахаваць квадратны корань зь іхнае колькасьці. Напісаць на кожным зь лістоў літару, зьмяшаць і прачытаць атрыманыя словы. Выкладваць лісты на дарозе адзін за адным, пакуль кудысь не прывядуць. Пабудаваць зь лістоў піраміду. Сплесьці лісты ў стужку. Зрабіць тое, зрабіць сёе. За тыдзень лістоў з прапановамі выбару лістоў назапасілася таксама цэлы велізарны мяшок. Праблема выбару выбару.

Тады Колік пастанавіў зрабіць паўзу і пакуль што не жаніцца.