Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 075

Пра жаніцьбу Хуліё

Калі мой брат Хуліё дасягнуў сталасьці, ён перш за ўсё захацеў ажаніцца. У нашым горадзе выходзіла адмысловая газэта, дзе друкаваліся шлюбныя аб'явы з фотаздымкамі і адрасамі нявест, і мы набылі Хуліё самую сьвежую. Ён закахаўся на першай жа старонцы – у круглявую дзяўчыну зь ясным поглядам і вабнай усьмешкай. Увесь тыдзень ён летуцеў і нават ня мог спаць, а ў пятніцу мы пачысьцілі вопратку шчоткамі і пайшлі жаніцца. Яна адчыніла нам, і мы вохнулі – яна была нашмат выдатнейшая, чым у аб'яве.

– Я кахаю цябе і хачу з табою ажаніцца! – сказаў Хуліё палка. – А гэта мае брацікі!

Але яна нахмурылася і зачыніла дзьверы. Дарэмна ён грукаў і крычаў, што не ўяўляе безь яе жыцьця, што ў ягоных грудзях палае пажар, што ён памрэ праз каханьне – усё дарма. Яна выглянула ў фортку і загадала нам сыходзіць, бо зараз патэлефануе жандарам.

Шлях дадому падаўся нам чорным, нібы згасла сонца. Мы сядзелі на лесьвіцы і спустошана маўчалі. Хуліё скамянеў. Ён не дакрануўся ні да марозіва, ні да агрэсту.

– У яе няма сэрца, – сказаў ён праз гадзіну.

– Затое твар прыгожы, – сказаў Колік.

– Прапануй ёй яшчэ раз, – сказаў Валік.

– Ажаніся з кім-небудзь іншым, – сказаў Толік.

Але Хуліё толькі пагардліва ўсьміхаўся. Ён вырашыў больш аніколі не жаніцца.