Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 074

Пра абурэньне

Аднойчы ноччу, ужо ў ложку, у поўнай цішыні, Колік зьнянацку сказаў: «Вы абураецеся?..» Мы зусім не абураліся і, рыпнуўшы матрацамі, зьдзіўлена павярнуліся да яго, і ён працягваў. «Вы абураецеся?.. Вы ўзмучоныя тым, што вашыя мэты і жаданьні – зусім ня вашыя? Што яны абумоўленыя інстынктамі, спадчыннасьцю, комплексамі, выхаваньнем, соцыюмам, рэклямай, разьмяшчэньнем зорак нарэшце? Але ці ня ўсё роўна? Калі б вашыя, запраўды вашыя жаданьні й існавалі, хіба ня былі б яны такімі ж дурнымі і нікчэмнымі?» Мы ляжалі і думалі ў чорную столь. Што нам было адказваць? Мы не варушыліся і рабілі выгляд, што сьпім. Але Колік усхваляваўся – ён падыходзіў да кожнага з нас і трос за плечы, патрабуючы адказу. Ягоны голас пачынаў перарывацца і ўздрыгваць, і мы разумелі, што ён вось-вось сарвецца. Мы спынілі прыкідвацца, усталі і абнялі яго; зламаўшы слабы супраціў, паклалі пад коўдру. Мы расьселіся вакол і пяшчотна суцяшалі яго: «Не такія ўжо й дрэнныя нашыя жаданьні, не такія ўжо і нізкія інстынкты, не такая ўжо і пагарджаная спадчыннасьць». Мы падтыквалі коўдру вакол азглелага худзенькага цела і гладзілі яго па нагах, як ён любіў: «Сьпі, братка Колю... сьпі... а заўтра рана-раненька пойдзем на возера, глядзець вугроў». Ён супакоіўся, аціх, і мы, змоўкшы, прыслухоўваліся да ягонага подыху. Дазволіўшы на хвілінку разьвіцца слабому сумневу, мы шукалі ў сабе гэнае абурэньне і не знаходзілі. Але як толькі мы падняліся і пайшлі да ложачкаў, Колік сеў і папрасіў: «Паабурайцеся са мной, хоць бы трошачкі!» І мы раптам пагадзіліся, нечакана лёгка! Мы вярнуліся і абурыліся з усім запалам і лютасьцю, на якія толькі былі здольныя. Мы лаяліся, рыкалі, тупалі нагамі і пагражалі зьнесьці, зруйнаваць, зьнішчыць, спапяліць адным толькі поглядам! Мы трэсьліся, кідаліся і ўзьнімалі да столі гнеўныя кулакі: о, як мы разьюшыліся! Колік прыкметна павесялеў – ён завінуўся ў коўдру і заўзята пад'южваў нас, пабліскваючы вачыма. «Дык вось чаго ты на самой справе жадаў, Колю? Каб мы буянілі і ярыліся?» – падміргвалі мы яму на хаду. «Так», – кіўнуў ён з усьмешкай. І мы працягнулі скакаць і кружыцца па пакоі, пакуль зьнізу не застукала па батарэі мама.