Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 072

Пра Амэрыку

Калі мы былі маленькія, мы вельмі хацелі жыць у Амэрыцы. Мы ўяўлялі яе па фільмах Д. Лукаса і Д. Лінча. І вось аднойчы мы пастанавілі, што чакаць больш няма чаго, што час надышоў, і паехалі на трамваі-тройцы ў амэрыканскую амбасаду. Паслы як раз елі кавун. Нас таксама пачаставалі кавуном і запрасілі ў кабінэт. Ну? – сказалі яны. Я вырасту і буду вельмі добрым праграмаром, – сказаў Толік. Бо мы ведалі, што іх трэба чымсьці зацікавіць, а ня проста так. Праграмаром? А што ты ўмееш рабіць? Я добра лічу! Толік прад'явіў ім дзёньнік з выдатнымі адзнакамі, а потым, каб давесьці, узяў аркушык і памножыў у слупок, і падзяліў, і склаў дробы. Але яны паматлялі галовамі – ня ўразіла. Я вырасту і буду вядомым прадусарам... ці хаця б мастаком, – сказаў тады Валік. Сапраўды? Валік паказаў ім свой ​​алоўкавы пэйзаж, на якім тата стрыг газон. Але ніхто зь іх нават не працягнуў рукі, каб паглядзець бліжэй. Тады ўстаў Хуліё і прасьпяваў ім песьню, усьміхаючыся і падморгваючы, а мы пляскалі і тупалі ў такт. Ён намагаўся з усіх сілаў, і калі б яны былі дзяўчаты, ім бы сапраўды спадабалася, але яны былі лысыя саракагадовыя дзядзькі, без усялякіх штучак, і яны толькі паківалі галовамі. Шанцаў заставалася ўжо мала! Я – былы вязень і прашу палітычнага прытулку, – сказаў тады Коліку, – я быў ​​у калёніі! А па якім артыкуле? Колік назваў. Ты спазьніўся на трыста гадоў, крымінальнікаў мы больш не бярэм! Толькі прыстойных людзей! І тады я роспачна сказаў: вазьміце нас на ворганы. Сьвежыя дзіцячыя ворганы, сама выдатнае якасьці! Паслы пераглянуліся і некаторы час пільна пазіралі на нас, нібы ў задуменьні. Але потым раптам напусьцілі на сябе злосны выгляд, быццам мы ім ужо надакучылі. Яны справодзілі нас, прыгаворваючы, што мы ёлупы, і нас ня тое што ў Амэрыку, нас нават у трамвай нельга пускаць. Ідзіце, ідзіце, і каб мы вас больш тутака ня бачылі! Мы выйшлі, селі ля дзьвярэй і, не змаўляючыся, горка заплакалі – але не таму што нас ня ўзялі, а таму што нам зрабілася шкада нашых далікатных ворганаў. І з тых часоў мы больш аніколі не хацелі жыць у Амэрыцы.