Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 071

Пра нянавісьць

Калі я быў ​​маленькім хлопчыкам і яшчэ не патрапіў у Вучылішча, мне марылася вырасьці і зрабіцца статыстыкам. Статыстык – гэта чалавек, які апытвае людзей і зьбірае статыстыку. Я марыў клясыфікаваць ўвесь сусьвет! На вуліцу мяне праз малалецтва не пушчалі, і я апытваў сваіх, запісваючы адказы ў тоўсты сшытак, у блакітную клетку.

Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?

Толік (мой брат): сьпякоту!

Кодэкс праўдзівага статыстыка абвяшчае – няварта патрабаваць тлумачэньняў. Толькі пытаньне і адказ. Для адказу Толіка тлумачэньні і непатрэбныя – да таго змучаны ягоны мясісты твар, да таго велізарныя плямы поту атачаюць падпахі і хрыбетнік. Ён абцірае лоб рукой, і на руцэ застаюцца шырокія мокрыя палосы.

Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?

Тата (мой тата): шашаляў!

Тата сядзіць пад сталом са сьмертаносным слоічкам у руцэ і мэтадычна абрызгвае ножкі, стальніцу і сучляненьні. Старадаўняе чырвонае дрэва, фамільныя скарбы. Шашалі з году ў год мутуюць, прыстасоўваюцца да яду і зноў нязмушана псуюць мэблю.

Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?

Мама (мая мама): марціні!

Мама ляжыць на ложку ў халаце і цёмных акулярах. Учора яна вярнулася вельмі позна і толькі нядаўна прачнулася. Ідзі прынясі мне халоднай вадзіцы, Ролю, мне млосна, каламуціць. Толькі глядзі гатаванай.

Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?

Колік (мой брат): дазіральнікаў!

Колік прысеў на кукішкі, растапырыў пальцы левае рукі на падлозе і хутка-хутка тыкае ножыкам паміж імі. Важна не параніцца. Напэўна, дазіральнікі кепска даглядалі яго ў турме, білі, кідалі ў халодны карцар, адбіралі цыгарэты.

Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?

Хуліё (мой брат): губную памаду!

Хуліё закрыў далоньню слухаўку, каб адказаць мне, а зараз ізноў палка шэпча ў яе: жар прадчуваньня! прага жаданьня! асалода зьліцьця! Чаму ён ненавідзіць губную памаду? Гэта наогул незразумела! Ён махае мне, каб я сышоў.

Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?

Валік (мой брат): прафэсійных дэкляматараў!

Не, ніяк не магчыма ўтрымацца і не парушыць кодэкс праўдзівага статыстыка!

Я: але за што ты ненавідзіш прафэсійных дэкляматараў?

Валік (гнеўна): за тое, што гэтыя людзі ня ведаюць сораму! сваім мярзотна-аксамітным барытонам яны афарбоўваюць у высакароднасьць самыя лядашчыя вершыкі! з роўна-бессэнсоўнай ўдумлівасьцю чытаюць і рэклямныя слоганы, і найвялікшых паэтаў! пустышкі, падлы, курвы! ненавіджу ўсёй душою!

Тупік. Як можна зьбіраць статыстыку, калі ўсе адказы абсалютна розныя?

Але я не адчайваўся і яшчэ доўга марыў быць статыстыкам.