Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 06D

Пра цытаты з клясыкаў

Калі мы з брацікамі пачалі падрастаць, тата стаў часьцей распавядаць дарослыя казкі, з усялякімі ўхіламі і намінкамі, каб мы не адставалі ў разьвіцьці і мелі дакладнае разуменьне пра жанчын.

– Жыў-быў у нашым горадзе, на вуліцы Багдановіча, адзін непрывабны юнак, па прафэсіі рознарабочы. Тварам ён быў грудкаваты, ростам кароткі, розумам бедны, а на жыцьцё ледзь-ледзь зарабляў праз кволасьць у грудзёх. Больш жа за ўсё на сьвеце ён любіў глядзець на жанчын, і сама салодкай ягонай марай было сысьціся з кім-небудзь зь іх пабліжэй. Але жанчыны яго цураліся, і ні водная не жадала дараваць гаротнаму хоць крышачку сваіх любатаў. Толькі і заставалася юнаку, што ўздыхаць і бадзяцца па базару. І вось аднойчы купляў ён у бабулек гарбузовыя семкі і пачуў раптам, як адзін прадавец кавуноў кажа другому: «Чым меней мы жанчыну любім, тым болей ёй падабаемся! Вось як клясык сказаў! Дакладна так!» І юнак, які цалкам істраціў быў надзею, праз такую непарушную цытату моцна акрыяў і пастанавіў сабе – спадабаюся жанчынам што бы там ні было! Прыйшоў ён дадому, сеў на зэдлік, заплюшчыў вочы і прыступіўся да трэніроўкі. Аніякае канкрэтнай жанчыны ён не ўяўляў і стараўся любіць як мага менш адразу ўсіх. Спачатку было няпроста, аднак неўзабаве ён спрактыкаваўся і здолеў ня толькі не любіць, але й адкрыта ненавідзець усіх разам і кожную паасобку. А клясык гэны і сапраўды меў рацыю: не мінула й месяца, як даведаліся пра тога юнака жанчыны, і пачалі да ягонай хаты прыходзіць і шпацыраваць, на вокны паглядаць. Як высунецца ён у фортку – дык адразу войкаюць і ружавеюць з сарамлівасьці. Юнак жа быў цьвёрды: плюне і назад схаваецца. Усё мацней і мацней падабаўся ён жанчынам, і неўзабаве яны нават сыходзіць адтуль кінулі, начавалі ўжо наўпрост пад ягоным бальконам, і ўсё болей і болей іх рабілася. Пачаў тады юнак запускаць іх да сябе па адной, каб кожнай асабістую пагарду выказаць і насьмяяцца бязьлітасна. Стагналі жанчыны, галасілі, але з цытатай нічога зрабіць не маглі, толькі мацней юнака кахалі, з усяго горада сьцякаліся і нават прыяжджалі з вобласьці на цягніках. А ён, бывала, выйдзе на балькон, дый вачыма бліскане, дый рукою гнеўна патрасе, дый аблае іх зьверху брыдкімі праклёнамі. Тым часам сабралася іх некалькі тысячаў, і праз такую шматлікасьць істрацілі яны ўсякую надзею хоць імгненьне правесьці сам-насам з улюбёным. Хутка і разьвязка надышла, жахлівая і жудасная! Аднойчы ўноч падняліся ў натоўпе нараканьні, узьнялося хваляваньне, не стрывалі жанчыны свайго пякучага каханьня бязвыйсьцевага, запалілі паходні, дый рынуліся да юнака – кожная жадала першая абажаньне выказаць – і зруйнавалі на сваім шляху і сад, і хату, і бліжэйшы гастраном, і самога юнака затапталі... Вось як, дзеткі. Вось як здараецца. Таму будзьце асьцярожныя з цытатамі з клясыкаў – бо яны занадта маюць рацыю, празьмерна нават, для нас, людзей простых і немудрагелістых.