Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 06E

У лес

Не пасьпеў я акрыяць пасьля распаду вочапкі і хаця б колькі дзён пацешыцца дачнай бяздумнасьцю, як зазваніў тэлефон. Абліўшыся халодным потам, я пакляўся сабе ні за што на сьвеце ня браць слухаўку. Але ён назойліва званіў і званіў, змаўкаў і зноў званіў, і я ня вытрымаў, узяў – толькі паслухаць краёчкам вуха, ані гуку. «Алё, гэта ты? Чакаеш мяне, коцік?» Гэта была яна, тая, мая выратавальніца. Я асьцярожна павітаўся, і яна, працягваючы клікаць мяне коцікам, літаральна за некалькі фразаў павярнула справу да жаніцьбы. «Ты ж кахаеш мяне, ну скажы?» З наіўнасьці я распачаў палеміку, каб давесьці, што ёй лепей выйсьці за Белага Паляўніка – нашмат лепей, непараўнальна лепей! Яна засьмяялася: ах, ён не пасуе, ну які зь яго муж. «Ты ня бойся, ад цябе нічога не спатрэбіцца, я ведаю, мужчыны ня любяць клапаціцца, толькі апраніся там неяк прыстойна. Я хутка буду». Апусьціўшыся на канапу, я атупела цёр лоб і разважаў, колькі часу ў мяне засталося – паўдня? Дзьве гадзіны? Калі нават яна не прадалася Беламу Паляўніку і не плянуе мяне выдаць, дык ён напэўна пойдзе за ёю ўпотай. Ці часу не засталося зусім?

Скінуўшы нязмогу, я сеў да паўночнага вакна, прыціснуўся рукамі і ротам да замёрзлага шкла і адагрэў, адлізаў круглую празрыстую пляму, якраз па памеру маёй падзорнае трубы. І ўмлеў. Едуць! Ужо адарваўшыся ад засьнежанага гарызонту, наўпрост на мяне ляцелі на тройцы з бразготкамі! Размаляваныя сані! Дзяцюк у расхінутым кажусе, у вышыванцы, падпяразанай саматканым поясам, ліха кіраваў, стоячы на паўсагнутых, і ягоны зубаты рот ці то сьпяваў, ці то крычаў; за ім праглядаліся шматлікія сваты ў шапках з лакавымі брылямі, свацьці ў сукенках, вусаты гарманісты і сама нявеста – пульхная, барвяная, з таўкачом і ступай, сымбалямі таўчэньня і зьліяньня. Шкадуючы пра немагчымасьць жаніцьбы, я замітусіўся па хаце, зьбіраючы рэчы, зрэшты рэчаў у мяне не было, але трэба ж было нешта зьбіраць, хоць бы якія слоікі, тазікі, прышчэпкі, потым шпурнуў іх, схапіў са сьцяны тую карцінку зь вёскай, яблынямі і хаткай, сунуў за пазуху. Сьлізгаючы і блытаючыся ў палавіках – у задні пакой, з трэскам зімовае заклейкі – у вакно, у падваконную гурбу, у лес!