Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 06C

Пра гіпэркантроль

Калі мы з брацікамі пачалі падрастаць і пайшлі ў школу, нашым таце з мамай больш ня трэба было няспынна даглядаць нас, і яны заахвоціліся наведваць разнастайныя курсы і сэмінары. Яны нават наводзілі будзільнік на зарана, каб перахапіць газэты і рэклямныя ўлёткі наўпрост з пальцаў паштальёна, а потым, прыціскаючыся плячыма, прагна і падрабязна прачытвалі. «Невэрбальныя камунікацыі», «Эфэктыўны мэнэджмэнт», «Трэнінг памяці», «Ёга і сучасны бізнэс», «Разьвіцьцё артыстызму» – яны не прапільноўвалі нічога, і бедавалі на перакрыжаваньні лекцыйных раскладаў. Калі трэба было выбіраць нешта адно, дык перад простымі тэмамі яны аддавалі перавагу дзіўным і містычным, кшталту «Дыягностыкі кармы» ці «Гаючых дотыкаў», а яшчэ лепш – псыхалягічныя або псыхіятрычныя, гэтыя наогул нібы мёдам вабілі іх. А аднойчы яны патрапілі на загадкавую лекцыю «Пра наступствы гіпэркантроля», пасьля якой вярнуліся прыціхлыя і пасаромленыя. Яны ўвесь вечар вінавата паглядалі на нас, а ўраніцу спакаваліся і зьехалі ў акіянічны круіз, на цэлых два тыдні – наўмысна каб пакінуць нас зусім без нагляду.

Застаўшыся адны, мы адразу ж кінулі чысьціць зубы, мыцца і праць шкарпэткі. Мы валяліся ў ложку да вечара, а потым ўскочылі, запалілі ўсё сьвятло, пусьцілі ўсю ваду, расхінулі ўсе вокны. Мы ўсьміхнуліся адзін аднаму і пачалі мэтадычна парушаць забароны, адну за адной, усё, якія здолелі ўспомніць. Мы пускалі газы, плявалі на падлогу, брудна лаяліся, лашчылі забароненыя месцы, цалаваліся, асемянялі аднаклясьніцаў, кралі, сядзелі ў калёніі, пілі мэтыл, нюхалі клей, курылі карычневы цукар, рэзалі вены, гандлявалі ворганамі і зброяй, і чаго толькі не рабілі! Грунтоўна стаміўшыся і згаладнеўшы, мы раз-пораз падыходзілі да вакна і глядзелі на рог, з-за якога павінен быў зьявіцца татаў уазік, але бачылі толькі курэй, якія капаліся ў дарожным пылу, у ружовых променях захаду. У нас заставалася трохі печыва і мочанага гарошку, і мы расьцягнулі іх да серады, а потым яшчэ і да пятніцы.

У суботу мы адправілі таце з мамай тэлеграму, што ўсьведамляем усе наступствы і згодныя на гіпэркантроль. Але яны ўсё ня ехалі, і мы ціхутка плакалі: як гэта несправядліва, бо мы ж ня мелі нічога супраць, ані слоўка ня мовілі! Мы ня ведалі, што рабіць, у роспачы рассоўвалі па пакоі мікрафоны, камэры і самапісцы, ляжалі на ложках бяз коўдраў і галасілі. Але, нягледзячы ні на што, тата з мамай прыехалі толькі праз два тыдні. Яны паправіліся і паружавелі, і спачатку ні за што не жадалі кантраляваць нас. Ай ну вас, адмахваліся яны, колькі можна ўжо! Неверагодных высілкаў каштавала нам упрасіць іх узяцца за нас ізноў. Зь неахвоткай, з натугай, са скрыпам прывіваўся новы гіпэркантроль. Але паступова ён мацнеў, шырыўся, і абяцаў быць нечуваным, небывалым! Якія ж мы былі шчасьлівыя! Цэлы дзень мы кружыліся па пакоях, па паркетах у радасных вальсах, у сьвяточных палянэзах!