Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 06B

Пра матэматыку

Калі мы з брацікамі былі маленькія і хадзілі ў сярэднюю школу, усе прадметы ў нас вялі два пэдагога: сам дырэктар, манумэнтальна велічны паўночнік, знаўца працоўнага навучаньня і паэзіі, і сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец, аскет і містык. Яны нядрэнна ладзілі, часта вячэралі разам, і абодва пагарджалі матэматыкай, проста не выносілі яе – і таму матэматыкі ў нас не было. Са сталіцы да нас пэрыядычна накіроўвалі матэматыкаў, але ўсе яны аказваліся хлюпікі і не вытрымлівалі нават найменшага выпрабаваньня. І дырэктар, і сэньёр Рунас любілі зьдзекавацца над імі, вынаходзячы тысячы спосабаў. Напрыклад, калі хтосьці з гэтых няшчасных, у зашпіленай даверху кашульцы, у сінім пінжачку і з партфэлікам, грукаўся, нясьмела ўваходзіў у клясу і выцягваў шыю, жадаючы назвацца, дырэктар рабіў выгляд, што не заўважае яго і ўрачыста абвяшчаў:

– А цяпер, дзеткі, казка!

Матэматык муляўся ў кутку, зьнемагаючы з сарамлівасьці, а дырэктар грымеў:

– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, па прафэсіі лямошнік, які вельмі дрэнна ведаў матэматыку. На базары яго аблічвалі і абважвалі што ні дзень, падатковыя інспэктары і страхавыя агенты дралі патройныя стаўкі, і нават начальнік абчмурываў па зарплаце. Але лямошніку было на ўсё гэта напляваць, бо яго хвалявалі толькі запраўды сур'ёзныя пытаньні: жыцьцё і сьмерць. Чытаў ён шмат газэтаў і часопісаў на гэтую тэму, і аднойчы вычытаў статыстыку, што верагоднасьць памерці да шасьцідзесяці гадоў складае пяцьдзесят адсоткаў. У той жа дзень кінуў лямошнік піць, курыць, смажыць сала і бегаць за кабетамі, і купіў сабе ровар. Пачаў ён аблівацца халоднай вадой, іспаць на цьвёрдым, харчавацца гароднінай і садавіной, адціскацца на костачках і скакаць са скакалкай. А калі сэрца пабольвала, выконваў падвойную нагрузку. Гады беглі, а ён усё здаравеў, гартаваўся, і нават не адразу заўважыў, як шэсьцьдзесят прамільгнула. А калі заўважыў, ізноў пачытаў статыстыку і даведаўся, што верагоднасьць памерці з шасьцідзесяці да сямідзесяці складае трыццаць адсоткаў. Парадаваўся лямошнік, і трохі даў сабе волю, купіў мяккую пярыну і па выходных дазваляў сабе папесьціцца. Але ў астатнім быў крэпкі і цьвёрды яшчэ дзесяць гадоў! Тым часам верагоднасьць паміраньня ўсё зьніжалася і паміж сямюдзесяцьцю і васьмюдзесяцьцю гадамі складала ўсяго толькі дзесяць адсоткаў. Вы, дзеткі, ужо зразумелі, у чым была ягоная матэматычная памылка? Вось і дарма! А лямошнік той не зразумеў, і разумець не хацеў, і пляваць яму было на матэматыку. Стаў ён паменш бегаць, паменш скакаць, ды пабольш увечар есьці, каб існы цікавыя сьніліся. Так дацягнуў ён да васьмідзесяці гадоў, а на наступны дзясятак верагоднасьць была нікчэмных пяць адсоткаў. Тут лямошнік зусім паслабіўся – пачаў пакурываць, заказваў за вячэрай бутэлечку бардо і заляцаўся да афіцыянтаў. І начальнік ягоны, і агенты, і інспэктары ўжо даўно дуба далі, а лямошнік, можна сказаць, толькі жыць пачынаў – і гарызонты былі бясхмарныя! Да ста гадоў, пакуль верагоднасьць вагалася каля двух адсоткаў, ён яшчэ стрымліваў сябе, а потым... Эх, дзеткі! Не жыцьцё зрабілася ў лямошніка, а суцэльны ўгар і бразыльскі карнавал. Днём спаў і піў шампанскае, а ўначы з клюба ў бар, з бара ў дансынг, з дансынга ў бардэль – і віскі ракой, і дым слупом, і аджыка бочкамі. Так і жыве дагэтуль, і ў вус ня дзьме. А ўсё чаму?..

Тут дырэктар нарэшце зыркаў у куток, але матэматыка ўжо не было ў клясе. Яго яшчэ можна было ўбачыць у вакно – ён атупела ішоў да трамвайнага прыпынку, прыгорблены і уздрыгваючы, аканчальна ўсьвядоміўшы ўласную недарэчнасьць.