Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 06A

Пра сумневы

Калі я быў зусім маленькі, я марыў вырасьці і зрабіцца паэтам. Я пісаў вершы і ўпотай ад брацікаў прыносіў іх маме, а яна чытала і хваліла: вельмі добра! Але аднойчы я раптам засумняваўся – ці можа яна сказаць, што верш дрэнны? Яна ж мама! На гэтае меркаваньне яна засьмяялася, падліла сабе трохі марціні і пасадзіла мяне побач на ложак.

– Паслухай казку, Ролю, – яна лашчыла мяне па валасах. – Жыў-быў адзін хлопчык, які марыў вырасьці і зрабіцца кампазытарам. Ён пісаў песьні і прыносіў іх маме, а мама слухала і хваліла: вельмі добра! Але аднойчы ён раптам засумняваўся – ці можа мама сказаць, што песьня дрэнная? Пайшоў ён да сяброў, прасьпяваў ім песьню, і сябры таксама ўхвалілі: вельмі добра! І нават пачалі напяваць яе й падыгрываць на гітары. Але хлопчык яшчэ горай засумняваўся – а раптам яны толькі дзеля ветлівасьці ўхвалілі? Сапсаваўся ягоны настрой, і праляжаў ён цэлы тыдзень на канапе. І раптам чуе – па радыё гучыць ягоная песьня, і дыктар з павагаю называе ягонае імя. Хлопчык зь нечаканасьці так і сеў на канапе! Але потым ізноў лёг – падумаеш, эстрадную песеньку напоркаў, па радыё круцяць пад саксафонік, ці вялікае гэта дасягненьне... Вось калі б прыкладам я сур’ёзную п’есу для вялікага акадэмічнага сымфанічнага аркестру склаў – тады б запраўды... Месяц ляжаў хлопчык, два ляжаў, а потым бачыць па тэлевізары: абвяшчаюць са сцэны канцэртнае залі ягонае імя, і аркестар іграе ягоную песьню. Хлопчык нават пакрывіўся з прыкрасьці – да чаго ж дакаціліся гэтыя аркестры! І Аббу, і Куін, і хутка ўвогуле гоп-стоп пачнуць іграць. Зрабіў хлопчык выснову, што важны ня факт выкананьня аркестрам, а культуралягічнае прызнаньне... а песьня мая ўсё ж дрэнь. І працягнуў ляжаць, варочацца й хмурыцца. Тым часам яму пачалі прыходзіць пасылкі: і манаграфіі ад вядучых мастацтвазнаўцаў пра ягонае глыбокае майстэрства, і калекцыі дыскаў ад знакамітых дырыжораў з запісамі ягонае песьні, і артыкулы з сур’ёзных часопісаў – і ўсюль ягоную песьню мянуюць ня йначай як пранізьліва геніяльнай. Але хлопчык толькі моршчыўся ды коўдру нацягваў – уся гэтая слава пустая й часовая... у стагодзьдзях застануцца Бах і Глінка, а мяне праз год забудуць... песенька благенькая. Пакутаваў-пакутаваў хлопчык, дый так усё жыцьцё й прапакутаваў, так і памёр на канапе. І пацяклі гады ды стагодзьдзі, эпохі ды эоны... Але на гэтым гісторыя ня скончылася! Аднойчы шум! крэк! бляск яскравы! Разлупіў хлопчык вочы і бачыць: Страшэнны Суд пачаўся і Другое Прышэсьце. Дрыжыць зямля, вывяргаюцца вулканы, паўстаюць мерцьвякі з долаў, і неба зьзяе асьляпляльна! І ляцяць зь неба Архангелы ды ў трубы трубяць, але ня проста дудзяць, а тую самую ягоную песьню граюць з асаблівай урачыстасьцю. Ня Бахаву й ня Глінкаву, на дзіва. Вось тады нарэшце хлопчык крыху падбадзёрыўся, пацёр далонькі і мовіў: хай яго... нядрэнную песьню я ўсё ж такі склаў!

Мама пасьміхнулася, перахрысьціла мяне і адправіла спаць, а я тым жа вечарам вырашыў, што болей не хачу быць паэтам.