Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 069

Ролтан-бой

– Што, паскуда? – казаў мне мой праграмар. – Дастукалася?

Яму было даспадобы зьвяртацца да мяне ў жаночым родзе. Ён штурхаў мяне каленкай пад рэбры, і мае далікатныя вантробы адгукаліся глухім вохам. Што значыць паскуда? Да чаго я дастукаўся? Ён прыносіў мне кардонавую скрыню з абутковымі прыладамі – рознымі шчоткамі, слоічкамі, цюбікамі, аксамітнымі анучкамі – і піхаў у яе тварам.

– Бачыш? Бачыш?

Спачатку я ня бачыў розьніцы паміж ваксай і гуталінам, і за гэта ён «рабіў мне сьліву», заціскаючы між двума пальцамі нос і неміласэрна выкручваючы. Схіліўшы галаву, я старанна начышчаў і паліраваў ягоныя лакавыя вастраносыя туфлі, дамагаючыся чорна-вясёлкавага пераліву на выгібах, але ён ані разу мяне не пахваліў, і толькі зьдзекаваўся, рэзка выторгваючы нагу, каб я паваліўся.

– Курвяня бязглуздая!

Час ад часу ён страшыў, што перапіша мяне зь пі-эйч-пі на джава-скрыпт, але я не палохаўся, бо не разумеў. У яго былі шырокія лілова-сінія вусны, быццам зьмёрзлыя, і маленькі трохкутны носік з кранальнымі шэрымі валасінкамі ўсярэдзіне, на якіх падчас сядзелі кропелькі. Пальцы ў яго былі маршчыністыя, пляскатыя, з лускавінкамі сухое скуркі вакол пазногцяў.

– Пачакай жа! Я цябе правучу!

Ён пазяхаў. Ён даваў мне тупы кансэрвавы нож і прымушаў адчыняць яму бляшанкі са згушчаным малаком і заплюшчваць зубчыкі, каб ён не параніўся. Пакуль я хадзіў па сайтах, рэклямуючы рашчынную локшыну, ён ласаваўся згушчонкай, чэрпаючы яе адмысловай кававай лыжачкай, зусім маленькай, каб доўжыць асалоду. Даеўшы згушчонку, ён вадзіў пальцам па сьценках бляшанкі, зьбіраючы рэшткі, і мне не заставалася зусім нічога.

– З гэтага часу цябе клічуць Ролтан-бой! Зразумела?

Дрыжучы з голаду, я наліваў у апусьцелую бляшанку цёплае вады, і яна ледзь бялела. Вагаючы нагой, ён назіраў, як я п'ю. Адрабляючы падачку, я цыраваў ягоныя сырыя шкарпэткі – ён сьцьвярджаў, што трэба спачатку цыраваць, а потым мыць, так крапчэй – і да крыві калоўся крывой іголкай. Убачыўшы кроў, ён ажыўляўся, хапаў мяне за руку, выцягваў і з запалам чакаў, пакуль крывінка капне.

– Нягеглік нікчэмны! Нават крыві ў табе няма. Ідзі!

Лежучы на халодным кафлі, побач зь венікам і шуфлікам, я з сумам успамінаў уцехі бацькавай хаты. Каб адпомсьціць майму праграмару, я адкалупваў кавалачкі чорнае фарбы з шуфліка, агаляючы шэры мэтал – хай заржавее! Венік мне падабаўся, і я прысоўваўся да яго бліжэй: ён пахнуў травой і дрэвам, садам і домам, татавым пінжаком, мамінай кофтай.