Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 067

Пра каханьне

Калі мы з брацікамі перайшлі ў наступную клясу, дырэктар сабраў нас каля аранжарэі і ўрачыста абвясьціў пра пачатак новага курсу батанікі. Узьвесяліўшыся, мы загаманілі, заштурхаліся локцямі – бо вельмі любілі розныя расьліны, асабліва брокалі – але Хуліё нахмурыўся і, узвысіўшы голас, заявіў прама ў твар дырэктару:

– Чаму вы вучыце нас нязначнаму, а значнаму ня вучыце?

– Што ж па-твойму значна, дзіця?

– Каханьне! – адказваў Хуліё зь вялікай упэўненасьцю.

Мы былі ўражаныя братам і ўзрадаваліся. Дырэктар таксама ўзрадаваўся: ён абняў Хуліё, усхваліў яго і падарыў касьцяны грабеньчык з тонкімі разьбянымі сузор'ямі. Не сыходзячы зь месца, дырэктар адмяніў усякую батаніку і паслаў запыт у міністэрства на годнага настаўніка каханьня.

У міністэрстве нас зразумелі спачатку занадта прамалінейна і даслалі гарачага брунэта з затуманеным позіркам, у беласьнежнай кашулі, расшпіленай да самага жывата. Ён пагладжваў сябе па загарэлых грудзях, гуляў колцам у правым смочку, і раз-пораз нахіляўся да нашых вушэй, нібы жадаючы нешта шапнуць, але не шаптаў, а лізаўся, зьвіліста і казытліва. Менавіта ў лізаньні і заключалася асноўная ягоная ідэя: толькі з асалодай аблізаўшы, можна сапраўды пакахаць. Успомніце пацалункі, успомніце самыя патаемныя пяшчоты? Хіба ж не? Мы ахвотна лізаліся на занятках, але ўвогуле паставіліся да брунэта скептычна, і неўзабаве яму ў дапамогу зьявіўся другі настаўнік.

Гэты быў таксама затуманены, але бледны і імпэтны; ён вучыў, што разьвіваць каханьне трэба нястомнымі разважаньнямі аб аб’екце, а самыя лепшыя разважаньні – гэта складаньне вершаў. Падбіраючы рытм і рыфмы, мы падступаем да аб’екта з розных бакоў, разглядаем яго адначасова адусюль, і ў кожнай словаформе адшукваем ягоную дасканаласьць. Трэці настаўнік, у тоўстым вязаным швэдры, дапаўняў і часткова абвяргаў другога: пры разважаньнях пра каханьне, дзеткі, належыць апэраваць ня словамі, але паняцьцямі, і перш за ўсё варта выразна вызначыць тэрміналёгію і пабудаваць сэмантыка-статыстычны граф-вэктар. Чацьвёрты настаўнік прыкаціў на ровары і, прыгладзіўшы далоньню чубок, завёў размову пра сямейны уклад, пра здаровую спадчыну, пра моцную дзяржаву, пра мудрасьць продкаў. Матэматыка – добра, казаў ён, але векавыя традыцыі прашчураў – куды як лепей.

Дырэктар ледзь пасьпяваў мяняць расклад заняткаў, мы зьнемагалі пад практыкаваньнямі, а настаўнікі ўсё прыбывалі і прыбывалі: ускудлачаныя мастацтвазнаўцы, напамаджаныя псыхіятры, тэлеёлягі, кібэрнэтыкі, адэпты духоўных практык, хімікі, артысты кіно і нават эканамістыя. У канцы вучэбнай чвэрці яны паспрабавалі зладзіць нам іспыт, але праз выкладчыцкую цісканіну мы з брацікамі так і ня здолелі прабіцца ў актавую залю.

Мы пайшлі да возера і нерухома сядзелі на зрыве да самага абеду. Мы былі да такой ступені перапоўненыя каханьнем, што баяліся паварушыцца – пры неасьцярожным руху каханьне лопнула б знутры нашыя тонкія абалонкі. Мы патроху выпускалі яго – на шырокую ваду, на павольныя аблокі, на травяныя мятлічкі, адзін на аднаго – і яно сачылася з нас мядовымі бруямі, амаль дотыкавымі. А я выявіў – хоць схаваў гэта ад брацікаў у той дзень – што пакахаў свой ​​мезенчык. Трохі скрыўлены, з кранальнымі зморшчынкамі, ён здаваўся мне маленькай вясновай кветкай у сваёй чароўнай безабароннасьці. Апусьціўшы руку ў кішэню, я непрыкметна лашчыў яго, і ён адказваў мне ледзь прыкметным, але адданым дрыжаньнем.