Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 066

Пра акрыяньні

Аднойчы ўвесну, бліжэй да канца красавіка, мы заўважылі ў глыбіні панадворку на паўночны захад ад нас нейкае няўлоўнае варушэньне. Гэтая сядзіба пуставала больш за паўгода, і мы з брацікамі ўжо стаміліся чакаць новага суседа. Мы хуценька прыпалі да плота з усёй магчымай пільнасьцю, але доўга нічога ня бачылі, апроч счарнелых гурбаў і вільготных галінак агрэсту. І калі б ня мэтад мастакоў-паштаўнікоў – разьбіць прастору на квадрацікі і падрабязна разгледзець кожны – мы б так яго і не знайшлі. Ён сядзеў на тоўстым цурбане, прываліўшыся да сьцірты дроваў, і ціхамірна жмурыўся на сонейка. Ватоўку ён наставіў парусам, каб ветрык веяў за пазухі, але не прадзімаў; локвіцы трымаў на каленях, і далоні зьвісалі строма, быццам каменна-цяжкія. Здавалася, суседу прыносіў незвычайнае задавальненьне кожны ўздых – так задаволена пасьміхаўся ён бледнымі вуснамі. Мы прапанавалі яму халвы, але ён толькі слабка кіўнуў галавой.

– Я яшчэ не зусім акрыяў, дзеткі. Я пасьля пераезду дужа хварэў, а цяпер вось крыху ачуняў, падымаюся на ногі. Такое прыемнае акрыяньне...

Як жа мы зьдзівіліся, калі выйшаўшы на вуліцу ноччу – а мы заўсёды выходзілі ноччу, каб пераканацца ў тым ці ў іншым – мы ўбачылі суседа, які ляжаў на гурбе, у адной толькі сподняй кашулі.

– Хутка цёпла стане, дзеткі, трэба лавіць момант. Я знарок захворваю, каб потым папраўляцца – дзіўнае адчуваньне...

Ён прабавіў у ложку яшчэ некалькі дзён, і хутка ізноў смакаваў асалоду акрыяньня, седзячы ў імлявасьці ля сьцірты і назіраючы за павольнымі аблокамі ў вышыні. Увогуле прастуджвацца я ня вельмі люблю, казаў ён, аддаю перавагу атручваньням: пасьля атруты асаблівая пяшчота і ўмытасьць сьвету, чароўная стомленасьць. Мы прынесьлі яму абутковага клею і адбельвальніку, і ён неахвотна паеў, дзеля ветлівасьці. Да хіміі ён быў абыякавы, яму больш падабаліся расьлінныя атручваньні – густыя настоі з разнастайных багуноў і баршчэўнікаў, на галодны страўнік. Часам для разнастайнасьці ён рэзаўся ножыкам, каб потым летуценна чухацца і зьдзіраць корачкі, часам націраў мазалі ці да салодкага болю перанапружваў цягліцы. Дома ён хадзіў у цяльняшцы і трыко, і ў яго было нечакана звычайна – рэпрадукцыі, радыё, газавая пліта. Звычайную ежу ён таксама еў, напрыклад макароны, але са стрыманасьцю і зьнежывеласьцю ў вачох, зрэдку паводзячы брывом. Спачатку мы турбаваліся, што сусед можа не разьлічыць сілы і дачасна паляцець у вырай, але паступова супакоіліся – натхненьне ні разу не падвяло яго, і ён, па чуткам, бесклапотна цешыў сябе да глыбокае старасьці.