Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 065

Пра добрае выкладаньне

Наш тата, чалавек недаверлівы і падазручы, калі-нікалі прыходзіў у школу і сядзеў на занятках, каб спраўдзіць, ці добрае ў нас выкладаньне. Такія адведзiны заўжды канчаліся спрэчкамі і лаянкай з дырэктарам, і заняткі перарываліся на сярэдзіне.

– Гэткі падыход падлыжны ў корані, – абураўся, прыкладам, тата, калі мы хліпалі і смаркаліся на літаратуры, шкадуючы Муму ці Эмму. – Нельга чалавеку лічыць выдумку за праўду і ліць сьлёзы па нейкіх неіснуючых пэрсанажах!

– Але вы не разумееце! – абражаўся дырэктар, – Справа ж ня ў тым, існуюць пэрсанажы ці не, а ў тым, што чалавек, чытаючы, вучыцца спачуваць і спагадаць.

– Якая непразорлівасьць! – дакараў яго тата. – Вы наладжваеце дзяцей есьці вадзяністую ежу і аддаляцца ад жывога жыцьця. Пасьля салодкае кніжнае жуйкі чалавеку нашмат цяжэй рэагаваць на рэальнасьць, бо яна патрабуе самастойнага кусаньня! Небясьпечны эскапізм, ад якога недалёка й да фашызму.

На гэта дырэктару было ўжо складаней адказаць, і ён, каб расьцягнуць час і сабраць думкі, адчыняў бар, наліваў сабе і таце па чарцы «Вясковай», браў яго пад руку і запрашаў у сад. А мы толькі таго і чакалі! І на пакуты Свана, і на зьнямогі Дэдала, і на маркоту Жывага нам было напляваць. Мы весела пляскалі хрэстаматыямі, абціралі тэатральныя сьлёзы і даставалі доўгачаканыя бутэрброды.

Калі тата і дырэктар вярталіся з саду, нярэдка выяўлялася, што яны памяняліся пунктамі гледжаньня. Напрыклад, тата цяпер ганьбіў пісьменьніка Г. Мэлвіла за наіўнае блізарукае самаздаволеньне: як жа гэтая сволач магла быць такая дурная, што бязь ценю сумневу прадказвала кітовым статкам доўгія гады? У таты на вачох нават слёзы блішчалі – што яна, гэтая сволач Г. Мэлвіл, занадта рана памерла, і ўжо ніяк не магчыма тыкнуць яе подлай пысай у Чырвоную кнігу. Дырэктар пацяшаўся: падумаеш, кіты, што за справа нам да іх, калі мы іх аніколі ня бачылі і ня ўбачым; шкадаваць кітоў – тое ж самае, што шкадаваць Уэлсавых марсіянаў. Людзей шкадуйце, людзей! Г. Мэлвіла шкадуйце, хіба ён ня вымер як кіт?

Праз падобныя развагі бутэрброды захрасалі ў горле. На шчасьце, а гэтай гадзіне звычайна прыходзіла мама і забірала нас дадому. Яна мела вельмі ясныя погляды на літаратуру і заўсёды хутка рассоўвала ўсё па месцах. Г. Мэлвілам яна пагарджала: замест таго, каб захапляцца жанчынамі, ён захапляецца кітамі! Гэта была ейная галоўная прэтэнзія. Але потым яна дадавала: удумайцеся! Захапляючыся кітамі, ён лупіць шкуру, трыбушыць, удыхае водар вантробаў і, сарамліва атуліўшыся за грот-мачтай, густуе сьвежы тлушч. Вам гэта нічога не нагадвае?.. Папа рагатаў, а дырэктар не адважваўся пярэчыць, ён толькі зьлёгку матлашыў нам валасы на разьвітаньне, прыгаворваючы якую-небудзь ласкавую бязглузьдзіцу: любіш Пэтрарку, любі і Рэмарка.