Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 064

Далонь гестапаўца

На лецішчы жылося прывольна, пакойна. Ляцелі дні, беглі тыдні. Я патроху прыбіраўся, ссыпаючы хлам’ё і сьмецьце ў склеп, і абжываўся, знаёміўся з рэчамі. Тэлефон не званіў, суседзі не зьяўляліся, і ўсё было б добра, калі б раптам не адбылася падзея, якая расчыніла перада мною цёмныя глыбіні маёй душы: распад вочапкі вафэльнага ручніка. І, шчыра кажучы, яна адбылася зусім ня раптам, а нарастала павольна, выразна, пад маім халодным позіркам. Пасьля першага ж мыцьця рондаляў я заўважыў: вочапка-тасёмка на кухонным ручніку надарвалася, і яе ўтрымлівала адна толькі белая нітачка, тонкая і слабая. Як мне прыйшло ў галаву ўчыняць падобны экспэрымэнт, я зараз не магу патлумачыць. І раней, і цяпер я ўзяў бы нітку з іголкай і падладзіў бы вочапку, але тады... Быццам цень сышоў на мой розум, і загарэлася цікаўнасьць садыста – колькі яна пратрымаецца? І я, выцершы ручніком бітон ці казан, вельмі акуратна, каб не тузануць, вяртаў яго на кручок ля мыйкі. Але нітачка апынулася капронавай, сьмелай, яна трымалася з апошніх сілаў, ня рвалася і толькі даўжэла патроху. Яна нібы стагнала: зьлітуйся, зьлітуйся, дапамажы! Але я рабіў выгляд, што ня чую, і доўжыў сваю жорсткую забаўку. І вось аднойчы, калі я выцер гусятніцу, зноў павесіў ручнік і асьцярожна адступіў да вакна, ён зь мяккім шолахам упаў на падлогу. Адбылося. Мякка падаў сьнег за вакном.

Ішлі кароткія сьнежныя дні, ішлі чорныя ночы. Вочапка хваравіта тырчала, прышытая за адзін канец, і саслабелая, падраная нітачка таілася ў складках вафэльнае тканіны. Я вешаў ручнік ужо безь яе, наўпрост за падсечаны край. А ў апошні дзень, выціраючы вымыты таз, я адчуў, што палец заблытаўся. Гэта была яна, нітачка, змучаная, нязграбная. Яна ўжо ня мела сілаў ані хавацца, ані баяцца. Я прыжмурыў вочы, тонка звузіў вусны і моцна тузануў, каб адарваць яе. Але яна і тады не адарвалася, а толькі пацягнулася, даючы мне яшчэ адзін шанец на дабрыню і спагаду. Глядзі, я расьцягнутая, я разарваная, мне ўжо ня жыць, чаго ж табе яшчэ?.. Так, я глядзеў на яе. Жадаючы адчуць мяжу нітачкі, я цягнуў далей, але мяжы не было. Не такая ты простая, ліса! Адкуль ты цягнесься? Я запаліў верхняе сьвятло і паднёс яе да вачэй. Нітачка жыла не сама па сабе, але цягнулася прама з вочапкі, складаючыся ў ейныя папярочныя валокны. Няшчасная вочапка ўжо напалову распусьцілася, падоўжныя нітачкі віселі пухнатым кутасікам. Ня ў сілах спыніцца, я пачаў цягнуць нітачку далей і далей, пакуль яна ўся не апынулася ў маёй руцэ, доўгая, зь пераламанымі перагібамі. Падоўжынкі разьляцеліся па падлозе, некалькі апалі на джынсы, некалькі прыляпіліся да мокрай далоні. У здранцьвеньні я глядзеў на сваю далонь – далонь нягодніка, далонь ката, далонь гестапаўца.