Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 063

Пра самага злога чалавека

Калі мы былі маленькія, нам карцела хутчэй даведацца пра ўсё, і асабліва пра ўсё самае-самае. Мы марылі прачытаць Кнігу рэкордаў Гінэса, але ў бібліятэцы яе не было, дый нам бы і ня далі. Таму мы пыталіся пра ўсё ў таты і ў мамы.

– Татачка, а хто сама злы чалавек на сьвеце?

– О-о, дзеткі... Быў такі чалавек, гэта праўда. Жудасны тып. Сам б я вам пра яго распавядаць ня стаў, але калі ўжо вы папрасілі... Працаваў ён фрэзэроўшчыкам на заводзе, і хоць вядома нядобра асобу азначаць адной толькі прафэсіяй, але больш пра яго ніхто нічога ня ведаў. Дык вось: аднойчы прачытаў ён у сеціве, што кожную сэкунду на зямлі памірае шэсьць чалавек. Кожны, хто сумленьне мае, дык зажурыўся бы, а гэны фрэзэроўшчык наадварот – страшэнна ўзрадаваўся! Пачаў гігікаць і мазольныя рукі паціраць адна аб адну. Пайшоў ён на балькон, выкурыў папяросу зь вялікім задавальненьнем, а потым – шчоўк пальцамі! І кажа сабе: шэсьць чалавек памерла! Шчоўк! Яшчэ шэсьць. Так і павялося – ходзіць ён і пальцамі пстрыкае, і хмыліцца. А потым яму гэта недастаткова выразна здалося, і прыдабыў ён у цэху пускальнік ад станка з вялікай чырвонай кнопкай, і ўжо ня пстрыкаў пальцамі, а на кнопку націскаў. Націснуў – шэсьць чалавек у Афрыцы памерла! Націснуў – яшчэ шэсьць у Амэрыцы! Задаволены быў дзіка. Хлопцы-электрыкі, хто разумнейшы, пераконвалі яго, няма дзей аніякае сувязі паміж кнопкай і сьмярцямі: нават калі ты на кнопку не націсьнеш, дык усё роўна ж памруць! А фрэзэроўшчык ім падморгваў: глядзіце, вось я націскаю – і вось, памерлі дзесьці ў гэты момант! статыстыка дзей ня хлусіць! І што яму запярэчыць? Дый баяліся пярэчыць, бо мала што. А фрэзэроўшчык усё зьлейшы рабіўся, пачаў ужо адкрыта па вуліцах са сваім пускальнікам хадзіць, і людзей зьнішчаць. Нічога чалавечага ў ім не засталося. Ідзе, напрыклад, насустрач маладая маці зь немаўляткам на руках, а фрэзэроўшчык спыніцца, прыжмурыцца і на кнопку бязьлітасна цісьне. Або школьніцы з рукзачкамі ў школу бягуць – ну хто не замілуецца? – а фрэзэроўшчык хмурыцца і душыць, душыць на кнопку з усёй сілы. Трывалі-трывалі людзі ягоныя злачынствы супраць чалавецтва, але калі лік забітых да мільёна наблізіўся, ня вытрымалі. Падышлі яны да фрэзэроўшчыка і кажуць: чаму ты злы такі? што мы табе дрэннае зрабілі? мы ж любім цябе! што табе трэба, скажы? хочаш, багацьце табе зьбяром? хочаш, у кругасьветнае падарожжа на яхце адправім? хочаш, самую прыгожую дзяўчыну замуж за цябе аддамо? хочаш, мэрам горада абяром? Але фрэзэроўшчык толькі зарагатаў – анічога мне не патрэбна! – і ну на кнопку ціскаць, хутка-хутка. Засмуціліся тады людзі аканчальна, накінулі фрэзэроўшчыку на галаву мяшок, і пачалі нагамі дубасіць. Так да сьмерці і забілі, і закапалі ў яры за горадам. А кнопку бэнзынам аблілі і падпалілі. Вось як, дзеткі.

– Эх, шкада нас там не было! Гад! Ужо мы б яго..!