Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 062

Пра кандуктараў

Кожную другую пятніцу тата апранаў цёмна-шэры трэнч і капялюш-хомбург з рубчатай стужкай, прымаглёўваў нас грабянцом, і мы ехалі ў Палац Прафсаюзаў, на штомесячны Канцэрт Кандуктараў. Было шмат людзей, і тата раз-пораз раскланьваўся, паціскаў шырокія рукі, цалаваў шчацінныя шчокі. Мы праціскаліся да самае эстрады, калупалі лінолеум і нудзіліся, пакуль кандуктары сьпявалі свае павольныя блюзы. Але мы ведалі, чаго чакаць: хутка пачыналася спаборніцтва кандуктараў, калі кожны браў у рукі білецік і адгадваў:

– Гэта жнівень 1972 года.

– Гэта трамвай-тройка.

– Гэта паміж Батанічным садам і Аўтастанцыяй.

– Гэты чалавек сьпяшаўся.

– Чаму?

– Таму што паглядзіце: якія дзірачкі, якія ўмяцінкі. Адразу адчуваеш чалавека, па ягоных руках. Кожная рука білецік трымае па-свойму. Ці ня так? Скура. Сіла суставаў. І пах. Паглядзіце на гэтыя зьмятасьці.

– Гэты чалавек сумаваў.

– Па жанчыне. Па каханай.

– Па пажылой жанчыне. Па маці.

– Але як жа гэта?

– Таму што паглядзіце: якія зморшчынкі.

Зьнерухомеўшы, мы лавілі кожнае слова. Састарэлыя кандуктары прымалі адзін у аднаго квіточкі артрытнымі пальцамі. Чым старэйшы, тым больш вопытны, Ролю. Кандуктары распавядалі з эстрады, разгойдваючыся ў абдымку:

– Сэнс ня ў тым, каб ізлавіць! Лоўля – тлен, штрафы – тлен, пакараньні – тлен!

– Ня той кандуктар, хто пакараў, а той кандуктар, хто наставіў, хто перавыхаваў!

– Сапраўдны кандуктар – хто сам быў перавыхаваны! Той, хто быў у цемры, але ўпусьціў у сябе сьвятло! Той, хто ўсьвядоміў! Той сапраўдны кандуктар! Толькі той!

Яны падкідвалі фуражкі, і тата падкідваў хомбург, і крычаў, і мы пляскалі, і крычалі, і плакалі, не саромеючыся, адкрыта гледзячы адзін аднаму ў твар, і цалавалі адзін аднаго, і кляліся стаць лепшымі, стаць сапраўднымі, стаць праўдзівымі.