Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 061

Пра мары

Калі мы былі маленькія, у нашым горадзе яшчэ жыла адна старая традыцыя – памінкі па спраўджаным марам. Так, кожны чалавек у нашым горадзе рана ці позна ажыцьцяўляў свае мары – хто купляў крэмавы кабрыялет, хто выдаваў дачку замуж за магната, хто перамагаў у конкурсе прыгажосьці, хто выконваў арыю ў Ла Скала, хто знаходзіў у гародзе чароўны скарб – і тады спраўляліся памінкі. На гэтых памінках ня прынята было піць віно, есьці салаты і сьпяваць песьні. Прынята было запрашаць у хату адзін са шматлікіх віялянчэльных квартэтаў – і тужліва слухаць. Два віялянчэлісты гралі смыкамі, а два – білі па струнах драўлянымі даўбешкамі, адбіваючы павольны жалобны такт. Праслухаўшы дзьве-тры доўгія п'есы ў хаце, памінальнікі і госьці выстройваліся ў працэсію і з квартэтам на чале журботна цягнуліся па вуліцах горада – уздоўж і папярок, нярэдка перасякаючыся і пераплятаючыся зь іншымі працэсіямі. Віялянчэлісты былі вельмі моцныя, яны працягвалі граць прама на хаду, утрымліваючы інструмэнты за грыф адной рукой і ёю ж заціскаючы лады.

Мы з брацікамі цярпець не маглі гэтыя памінкі! Яны заўсёды перашкаджалі нам спаць, рабіць урокі – і ўвогуле наганялі нясьцерпную нуду. Мы нават падскоквалі, калі чулі гукі віялянчэлі! Мы адмыслова елі шмат яек, каб заставаліся кардонкі – іх можна было наляпляць на сьцяну і павышаць гукаізаляцыю. І мы ўвесь час марылі – як мага больш, як мага мацней, як мага гарачэй – імкнучыся намарыць такое, што пэўна ніколі ня збудзецца.