Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 060

Пра законы дыялектыкі

Калі мы былі яшчэ зусім маленькія, тата аднойчы запрасіў у госьці старэнькага камуніста. Добры дзядуля прысеў на столак, пакаштаваў партвэйну, патыцкаў на гузікі пульта і пачаў:

– Бачыце? Ідэі марксізму-ленінізму пацьвярджаюцца! Паводле законаў дыялектыкі колькасны прырост нязьменна цягне за сабой якасны пераскок. Музыкі больш не патрэбныя, бо іх зашмат, зараз музыку зьбіраюць з гатовых кавалачкаў дыджэі. Мастакі не патрэбныя – зараз кіруюць куратары і галерысты. І ў літаратуры таксама будзе так, а можа і ўжо ёсць, толькі мы не...

– Дазвольце, але якія тут Маркс і Ленін? Гэта Гегель! – перапыніў яго тата.

І пакуль яны пярэчылі адзін аднаму, мы пабеглі ў бібліятэку і сьпехам склалі недарэчны, але глыбакадумны мікс з Коласа, Купалы і Куляшова:

Сьвеціць мне зорка з бяздонных глыбінь

Пад жніўныя вечна старыя напевы.

З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую...

І гэтак далей. Але калі мы вярнуліся, каб дэклямаваць, нас нават не заўважылі: дыскусія зьдзейсьніла якасны пераскок у паняцьційную фазу. Тата і добры дзядуля стаялі адзін насупраць аднаго, набычыліся, цяжка дыхалі і наступальна высунулі правыя плечы. Прыйшла мама, разьвяла іх, тату паклала на канапу, а дзядулю павяла праводзіць дадому. А мы, шэптам прамаўляючы тосты, дапілі партвэйн.