Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 05F

Квіток за электрычнасьць

Калі мы былі маленькія, квіток з рахункам за электрычнасьць прыносілі раз на месяц, кожны другі аўторак, у канвэрце з выявай лямпачкі. Тата разрываў канвэрт, змрочна вывучаў лічбу і заходзіўся лаянкай:

– Падлюгі! Брудныя мярзотнікі! Сволачы! Ашуканцы! Прадажныя пачвары! О, якая беззаконнасьць!

Млеючы з далучэньня да глыбіняў жыцьця, мы падслухоўвалі ў пярэднім пакоі забароненыя нам словы. Каго ён лаяў? Паштароў, бугальтараў, урад? Мы ня ведалі.

– Нягоднікі! Падонкі! Разбойнікі! О, нізасьць падзеньня чалавечага! Паскуды!

Словы былі кожнага разу розныя, і, даслухаўшы, мы беглі ў свой пакой і пачыналі гульню. Па-першае, мы абіралі, хто кім будзе. Напрыклад, Колік гуляў за нягодніка, Толік – за падонка, Валік – за бруднага мярзотніка, Хуліё – за ашуканца, ну а я – за паскуду. Па-другое, садзіліся па альфабэту, па першай літары абраных словаў, трэсьлі рукамі і на «раз – два – тры» выкідалі выпадковую колькасьць пальцаў. Па-трэцяе, запісвалі лік – напрыклад, 58693. Потым заставалася толькі дадаць некалькі нулікаў, намаляваць пад капірку новы квіток, на наступны месяц, і чакаць чарговага паштара – каб перахапіць канвэрт і падмяніць рахунак.