Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 05E

Пра землянога чалавека

А часам нам з брацікамі сустракаліся пэрсанажы нават цікавейшыя за герояў тых казак. Напрыклад аднойчы, падчас штогадовага падарожжа вакол нашага вялізнага возера, мы натрапілі на землянога чалавека. Колік, які зьбіраў у падлеску гальлё для вогнішча, першы ўбачыў яго і трывожна сьвіснуў у два пальцы. Мы пабеглі на сьвіст і апынуліся на бура-чорнай выпаленай паляне, пасярод якой ляжаў у кучы попелу незвычайна тоўсты чалавек. Ён, мабыць, спаў, але праз наш сьвіст прачнуўся і моўчкі глядзеў на нас.

– Ты хто? – запыталіся мы.

– Дурное пытаньне, – адказаў ён.

– А што ты тут робіш?

– Жыву.

– Наўпрост на зямлі?

– Ну.

– А навошта?

Зьмірыўшыся з нашай цікаўнасьцю, чалавек з высілкам сеў, пацерабіў бараду – зь яе пасыпаліся дробныя вугольчыкі – і пачаў расказваць. Высьветлілася, што раней ён быў звычайны бюргер, валодаў невялічкай крамкай скургалантарэі, а па вечарох чытаў міжнародныя навіны. І вось чытаў ён навіны, чытаў, а ў адзін выдатны дзень яго раптам напаткала крышталёва яснае разуменьне: павінная здарыцца трэцяя сусьветная вайна, павінная здарыцца хутка й немінуча! А чым яна скончыцца? Тым, што ўвесь сьвет згарыць дашчэнту, і будуць адны толькі галавешкі. А што гэта значыць? Што не застанецца ніякай ежы. А што застанецца? Застанецца толькі выпаленая зямля. І толькі той, дзеткі, здолее выжыць пасьля жудаснай вайны, хто зможа гэтай зямлёю харчавацца. І пачаў ён пакрысе прывучаць сябе да зямлі: спачатку ў суп падмешваў, потым у дранікі, потым у кампот, а праз паўгода рашуча перайшоў на строгую земляную дыету. Зямля пераварвалася цяжка, і ён прыдумаў адмысловую мэтоду: есьці памалу, але вельмі часта, і пастаянна пераварочвацца са сьпіны на жывот і з боку на бок, каб сьценкам страўніка працу палягчаць. Зь цягам часу зусім прызвычаіўся, кінуў горад і пайшоў у лес. Выпальваў палянкі, каб да ваенных рэаліяў наблізіцца, і жыў на іх, а ваду піў з возера.

– Глядзіце, які я тоўсты! Яшчэ таўсьцейшы за вас. Добрая зямелька, тлустая! Хочаце паспрабаваць? З малачком, га?

Земляны чалавек і сапраўды выглядаў выключна ўкормлена і шчасна, вось толькі вочы ягоныя былі падазрона жоўтыя, а можа проста так сьвятло адбілася.

– А ці няма ў вас, дзеткі, стронцыю ці цэзію? Ізатопаў, га?

– Што?..

– Эх вы, двоечнікі. Ну а градусьнік прынамсі ёсьць?

Толік, які заўсёды насіў з сабой градусьнік згодна з мамчыным патрабаваньнем, зьбегаў да заплечніка і прынёс. Земляны чалавек надкусіў кончык тэрмомэтра, закінуў галаву і вытрас у рот шэрыя кропелькі ртуці, а потым асьцярожна сплюнуў у далонь дробныя аскепачкі шкла. Нам гэта дзіка спадабалася, і мы папрасілі дазволу прыйсьці ў госьці яшчэ раз. Ён быў ня супраць, але папярэдзіў, што на днях сыходзіць адсюль і выпраўляецца на поўдзень, да Чарнобыля.