Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 05D

Пра страшныя казкі

Часьцяком мы з брацікамі прасілі перад існом менавіта страшную казку, але на тату калі-нікалі знаходзіла ўпартасьць, і ён, сеўшы ў нас у нагах і памуляўшы сівую сківіцу, расказваў нешта кшталту:

– Жылі-былі хлопец і дзяўчына. І вось аднойчы пазнаёміліся яны і пакахалі адно аднаго, і дзеткі ў іх нарадзіліся. І жылі яны доўга і шчасьліва да самае сьмерці.

І змаўкаў. Мы крыху чакалі – мо будзе працяг? – і пачыналі абурацца:

– І ўсё? Але татухна, хіба гэта страшная казка? У страшнай казцы павінныя быць зомбі!

– Якія там зомбі, сыночкі. Хіба ж зомбі страшныя? Не... Сьмерць! Сама па сабе. Вось што страшна, сыночкі, асабліва вам, маладзенькім. Жывеш і ведаеш, што абавязкова памрэш – у мяне ў юнацтве праз гэтую думку заўжды валасы варушыліся. Варушыліся-варушыліся, ды і павыпалі пакрысе... Бачыце? – ён схіляў галаву.

– Але татухна! – крыўдавалі мы. – Хіба гэта казка наогул? У казцы павіннае быць чароўнае!

– Дык ці ж не чароўнае вам: жылі-былі? Жыцьцё, сыночкі – вялікае чараўніцтва і цуд, вы самі памяркуйце. Ані пра якое жыцьцё нават згадкі быць не павінна, калі разважыць; але яно чамусьці ёсьць... І каханьне – цуд, хоць і меншы. Бачыце, колькі цудаў? І двуроднасьць – цуд, і дзетак нараджэньне. І маўленьне – цуд, словы – цуд. Але ж сама чароўнае – быцьцё. Бачыце, колькі цудаў?

Мы моўчкі злаваліся. Тата пазяхаў, жадаў нам добрае ночы, гасіў сьвятло і шаркаў уніз, а мы, пасердаваўшы яшчэ пару хвілін, пачыналі самі распавядаць казкі. Ужо яны былі і чароўныя, і страшныя! І драпежныя зомбі, і лютыя мутанты, і злавесныя стогны са склепа – усяго было багата.