Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 05C

Пра венікі

У доме на захад ад нас, з бучным яблыневым садам, даволі доўга пражываў ціхі і прыстойны сусед гадоў пад трыццаць, кіраўнік ў папяровай кампаніі. Ён жыў са станавітай маці і двума коткамі, любіў вячэраць за столікам на двары, ляжаць па выходных з кніжкай у гамаку, і заўсёды ветліва вітаўся з намі. Спачатку мы падглядвалі за ім з асаблівай падазронасьцю, але нічога злачыннага не наглядзелі, акрамя драбязы – аўтары ўсіх кніжак былі на літару Б: Брох, Брэхт, Барнс, Бірс і яшчэ ўсялякія. Хутка нам стала нецікава, і мы перасталі яго сачыць. Мы б так анічога пра яго і не даведаліся, калі б ён амаль штодня не шыбаваў паўз нашае школы – напэўна, ягоны офіс знаходзіўся непадалёк, і апоўдні ён выбіраўся паабедаць. Спачатку мы не зьвярталі на яго ўвагі, але ў нейкі момант ён пачаў зьяўляцца зь венікам пад пахай, кожны дзень. Гэта выглядала нечакана – гарнітур, капялюш, пальчаткі і раптам зухаваты венік, з каляровымі вяровачкамі, чырвонымі і сінімі, як у цыгана. Тыдзень ці паўтары мы чакалі, а потым падышлі і спыталі прама:

– Чаму?

Ён быў гатовы да гэтага пытаньня, і нават ня стаў удакладняць, менавіта што чаму:

– Я змагаюся з уласнай слабасьцю.

– Як гэта?

– Разумееце, аднойчы матухна адправіла мяне на базар па венік. Я выбраў самы вялікі і прыгожы венік, і панёс яго ў руцэ, бо ў торбе ён не зьмяшчаўся. І, магчыма, вы палічыце мяне эксцэнтрыкам, але па дарозе я адчуваў моцную зьбянтэжанасьць. Насустрач мне ішлі іншыя мужчыны – хто з элегантнай жанчынай, хто з бампэрам для джыпа, хто з элітным дабэрманам, хто са скрыняй калекцыйнага партвэйна, хто на благі канец з высокатэхналягічным мыйным пыласосам – і ўсе, здавалася мне, глядзелі на мяне з пагардай...

Мы з брацікамі адчынілі былі раты, але ён зрабіў нам рукой і працягнуў:

– Вядома, на самой справе ніхто зь іх не адчуваў да мяне пагарды. Але мяне закранула маё ўласнае ўспрыманьне, зразумейце. З тых часоў, каб перамагчы слабасьць і ўмацаваць сябе, я пачаў хадзіць па венікі кожную суботу. Але куды мне столькі венікаў, і да таго ж, навошта ісьці абавязкова на базар, надумаўся я нядаўна. З таго дня я проста заўсёды нашу з сабою венік, усюды.

Ён падміргнуў нам, пачаставаў арахісам і разьвітаўся, а мы паспрачаліся, ці доўга будзе доўжыцца ягоная барацьба, і сышліся на тым, што нядоўга. Аднак мы памыляліся: з цягам часу барацьба толькі разьлютавалася, і неўзабаве наш сусед ужо ня проста цягаў венік пад пахай, а нёс яго высока над галавой, як нясуць дзеці цацачны самалёцік, уяўляючы сябе пілотамі. Часам ён спыняўся і абвяшчаў нарасьпеў: «Людзі! Ці бачыце мой венік? Глядзіце ж!» А потым ён раптам перастаў зьяўляцца, і каля школы, і ў яблыневым садзе – па чутках, маці павезла яго адпачываць на воды.