Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 05B

Пра шкадаваньні

Калі мы былі маленькія, нішто не засмучала нас мацней за панядзелкі – выходныя заўсёды аказваліся нечакана караценькія, і мы не пасьпявалі нават асмакаваць іх, ня кажучы ўжо пра тое, каб правесьці з карысьцю хаця б пару гадзінаў. Усе панядзелкі напралёт мы ў змрочным жалю ляжалі ў ложках, або ў роспачы бадзяліся па садзе, або зь невыходнасьці малявалі флямастэрамі на шпалерах. Калі тата бываў не на дзяжурстве, ён звычайна адчуваў наш смутак і прыходзіў, і суцяшаў нас апавяданьнямі пра сваю далёкую і цудоўную маладосьць. Аднойчы ён расказаў такую ​​гісторыю:

– Калі я быў малады, дзеткі, я наведваў адзін клюб. Ён называўся, – тата прыслухаўся, ці няма паблізу мамы, – ён называўся Клюб Прасраўшых. Гэта было нешта кшталту сустрэч ананімных алькаголікаў – кожны па чарзе браў слова і распавядаў, як ён загубіў сваё жыцьцё. Напрыклад, уставаў сумны чалавек з сур'ёзным тварам, кашляў і апавядаў, як дзесяцігодзьдзямі скурваў па пачку ў дзень, а цяпер, калі ён раптам зразумеў, што ягонае прызваньне – лёгкая атлетыка, цяпер ужо занадта позна. А іншыя ў мае гады яшчэ толькі... Усё, усё прасраў... Ці, напрыклад, уздымаўся пэнсіянэр у зялёным шаліку і трос галавой: у васемнаццаць яму прапанавалі граць у рок-гурце Дорз, тады невядомым, а пасьля ўзьняўшымся да сусьветнае славы, але ён палічыў за лепшае застацца цымбалістым у ДК Прафсаюзаў. Потым яшчэ клікалі ў Радыёхэд, але ён і гэта прасраў... Ці, напрыклад, чарга даходзіла да маладога хлопца ў швэдры, якога душылі рыданьні, і пра ягоную трагедыю мы мусілі здагадвацца па загадкавых абрыўках, што прарываліся скрозь стогны: альгебру на выдатна... яскравы бліск... Нобэлеўская прэмія... яна была гарэзьлівая й грацыёзная... Мікелянджэла... шаленства бэзу... усё прасраў...

А аднойчы, дзеткі, здарыліся запар некалькі дзіўных супадзеньняў, якія загубілі наш клюб. У той дзень ішоў дождж, і першы прамоўца паказаў нам свой парасон, вывернуты ветрам, з паламатымі пруткамі. Усё жыцьцё, сказаў ён значна, я працаваў. Я не хапаў зорак, але зарабіў добра, купіў тры кватэры. Я думаў – забясьпечу сабе стабільнасьць і тады ня буду ні пра што думаць, і займуся літаратурай, менавіта так, літаратурай. І што ж? Час сышоў, неяк няўлоўна сышоў, і вось цяпер я зьнясілены старэча, і ўсе позна... Я ўсё прасраў! – і ён гаротна, але з годнасьцю высмаркаўся. Некаторы час усе маўчалі, а потым выступіў мужчына, даволі бруднага выгляду, і заявіў абвяржэньне: я ўсё жыцьцё прысьвяціў літаратуры! Я ўсё жыцьцё пісаў, і напісаў тры даўжэзныя, тры выдатнейшыя раманы, і што ж? Мяне выселілі з інтэрнату, і я вымушаны туляцца па сябрам і сяброўкам, цыраваць ім шкарпэткі, чысьціць чаравікі... Ці гэта ня я ўсё прасраў?.. Мы ўсе адчулі няёмкасьць праз такую супярэчнасьць і вельмі ўзрадаваліся, калі падняўся адзін з навакоў, добра ўкормлены, у клятчастым пінжачку, і пачаў гаварыць пра сябе. Паводле ягоных словаў, ён трыццаць гадоў сумленна пражыў з жонкай, а яна раптам наадрэз ахаладзела да яго і цяпер глядзіць, як на чужога, і кідаецца, і адштурхвае, і лямантуе. А я ж маю патрэбу ў ласцы... Ах, як я быў ​​дурны! Колькі я мог мець палюбоўніц! Дзесяткі! Сотні! Але цяпер ужо позна, я пацёрты і пацяганы... Паглядзіце, які я сівы! Я нікому не патрэбны! Усё, усё прасраў... І мы б працяліся да яго спачуваньнем, калі б не высокі маршчыністы бляндын, які перапыніў яго і з сумнаю ўсьмешкай стаў пералічваць жаночыя імёны, шмат, шмат імёнаў, і ўсе яны былі ягонымі каханкамі... Але навошта? Скажыце, навошта? Бо чалавеку ж патрэбная толькі адна, адзіная! Ах, як позна я ўсё зразумеў... Як позна ўсьвядоміў... Усё, усё прасраў... Мы зьбянтэжана пераглядваліся, хмурыліся і рабілі адзін аднаму вялікія вочы, але знайшоўся мажны брунэт, які падняў рукі, заклікаў да цішыні, і сказаў: я ўсё жыцьцё змарнаваў на сябе. Кар'ера, каханьне, забаўкі, творчасьць, падарожжы. Але я так мала часу надаваў маёй маленькай дачцэ... А цяпер яна вырасла і зрабілася наркаманкай і прастытуткай! Усё, усё прасраў... Ягоная прамова кранула ўсіх, мы прасьлязіліся і далі сабе абяцаньне надаваць дочкам больш увагі. Але ў гэты момант ускочыў нейкі ўжо ня ведаю хто, і пракрычаў: а я дваццаць гадоў запар не адыходзіў ад дачкі! Я кінуў усё і быў заўсёды зь ёй! Я чытаў ёй Паўстоўскага і Плятонава! Я сьпяваў ёй Палестрыну і Пахэльбэля! Я... я ... А яна, паскуда, вырасла і зрабілася наркаманкай і прастытуткай! Ну і тады, дзеткі, быццам нешта пстрыкнула, і мы ўсе паваліліся з рогату. Мы качаліся па падлозе і вішчалі, і курчыліся, і пляскалі сябе па сьцёгнах да поўнае зьнямогі. І з таго дня клюб зачыніўся, і больш аніхто ні пра што не шкадаваў.