Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 05A

У дыване

Ключ ад лецішча знайшоўся традыцыйна пад каберцам. Я падняў ключ, але апусьціць каберац на месца ня змог – у паддывановым пясочку застаўся кранальна чысты сьлед ад ключыка, і ці можна было зьнішчыць яго? Пакінуў побач, пераступіў, адчыніў. Унутры было цёмна, пахла холадам і пылам. У пошуках вымыкальніка я працягнуў руку да сьцяны і намацаў нешта шурпатае, што аказалася пры сьвятле запальніцы вываратам дывана, завінутага і пастаўленага старчма. Вымыкальнікі знайшліся крыху далей, цэлая скрыня маленькіх тумблераў у сьцяне; я мэтадычна клацаў усімі па чарзе, і дом паступова асьвятляўся – ад пярэдняга пакою да глыбінь. Было падобна, што сюды прыяжджалі толькі фэсьціць: у кутах зелянелі калёніі бутэлек, на падлозе валяліся недакуркі, запалкі, коркі, расьціснутыя цукеркі, сталы былі застаўленыя мятымі плястыкавымі талеркамі, тлустымі шклянкамі, скрынкамі ад тартоў з акамянелым крэмам. Я павольна ішоў па пакоях, абіраючы сабе прытулак. Чапляў нагамі слоікі з-пад алівак, абыходзіў ліпкія лужыны лікёру, кранаўся валасамі сэрпантынаў, што зьвісалі зь жырандоляў, пстрыкаў пазногцем па высахлых цытрынавых скарыначках. Я адчуваў сымпатыю да гэтай хаты, да тых, хто тут весяліўся, і мне таксама хацелася нешта сьвяткаваць, хай і са спазьненьнем. Заўважыўшы на кніжнай паліцы стракаты папяровы каптур на матузку, я надзеў яго на галаву і наблізіўся да люстэрка, упрыгожанага стужкамі і сьняжынкамі з фальгі. Адбітак мяне напалохаў: дзікі погляд, запалыя шчокі. Дзе я? Колькі гадоў мяне носіць? Я глядзеў міма люстэрка, на нейкую карціну, і думаў: мо для гэтага і патрэбная сям'я, сябры, доўгія сувязі на ўсё жыцьцё – каб плыць па часе разам і не адчуваць пастаяннага жаху праз тое, што знаёмыя берагі зьнікаюць за гарызонтам, і ўсё вакол чужое. На карціне была вёска, яблыні, хатка. Я зьняў яе і ўглядаўся, пакуль не задубелі пальцы. Як увамкнуць ацяпленьне, я ня ведаў, залазіць у чужы ложак было брыдка, і я прыдумаў разьвінуць адзін з дываноў – чырвоны, з чароўнымі птушкамі – легчы на яго і, коцячыся, завінуцца ў рулён. Вось так я і сустрэў той дзень нараджэньня – у дыване, у папяровым каптурыку, разглядаючы хатку і яблыні на карціне.