Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 059

Гэта твой дзень нараджэньня

Толькі ўспаміны пра дні дзяцінства, поўныя ўцехаў, і пра ласкавых брацікаў не давалі маёй душы памерці ў змрочных засьценках Вучылішча. Кожнае імгненьне, праведзенае там, было напоўненае болем і пакутамі. А дні нараджэньня, быццам на зьдзек з маёй памяці, якая хавала запаветнае, праводзіліся ў Вучылішчы з асаблівай нялюдзкасьцю. Пачыналіся яны так: Галоўны Праграмар, няўмольны кат, зьбіраў усіх у актавай зале і, павольна абводзячы нас лютым поглядам, ставіў харал Spiritus Festum, заўсёды адзін і той жа, нібыта ўрачысты і ўзьнёслы, але напраўду закліканы прынізіць і абразіць. Каб ня чуць гідотнага арганнага гулу, я гнуўся, хаваўся за плечы Куценькі і ўстаўляў у вушы пальцы. Кат амаль заўсёды заўважаў мой выкрут, падбягаў, ламаючы шарэнгі, хапаў мяне за локаць і выводзіў на сцэну.

– Гэта ж твой дзень нараджэньня! – сіпеў ён мне, злосна ўсьміхаючыся, і махаў ў залю рукой, каб усе падпявалі і віншавалі.

Ён падаваў мне вялікі мех з падарункамі – ганебнымі шакаляднымі батончыкамі – і жорстка хмыліўся. Усе помсьліва пляскалі, нават добры Куценька. Я абліваўся потам, баючыся, што цяпер мяне прымусяць іх есьці пад сьвіст і цюгаканьне, але так здаралася не заўсёды, часьцей кат загадваў мне казаць прамову. Ён падштурхоўваў мяне да мікрафону, крывому, аблупленаму, з брудам, уеўшымся ў сетачку, з кіслым пахам чужых ратоў.

– Подласьць, подласьць!.. – адчайна пішчаў я ў мікрафон. – Вакол адна подласьць!

Галоўнаму Праграмару толькі таго і трэба было – ён ківаў фэльчарам, тыя ўзьбягалі на сцэну і ўміг прывіналі мяне рамянямі да насілак. Шырокімі крокамі яны несьлі мяне прэч, цыбатыя і састарэлыя, з прыжмурам садыстаў, а кат браў слова сам і хлусіў у мікрафон пра маё ператамленьне. Фэльчары ж, не абцяжарваючыся пераносам мяне ў палату, наўпрост за запавесамі расчынялі свае чорныя валізкі і адломлівалі дзюбкі ў велізарных ампулаў, а я крычаў, крычаў...