Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 058

Пра дні нараджэньня

Калі мы былі маленькія, дні нараджэньня надыходзілі яшчэ вельмі рэдка, і мы любілі іх асабліва моцна. Бывала, падчас чаканьня чарговага дня нараджэньня мы пачыналі зьнемагаць і мучыцца за месяц да ягонага наступленьня, і ні пра што больш не маглі думаць, і нічога не маглі рабіць. У такія пэрыяды мы кідалі хадзіць у школу і бавілі дні ў ложках альбо ў садзе пад яблынямі, хвалюючыся і прадчуваючы. Маме з татам падабалася нас песьціць і балаваць, і яны загадзя выведвалі нашыя патаемныя жаданьні, рабілі працяглыя шопінгі, а па вечарох зачыняліся ў бакоўцы і бяз стомы шамацелі пакавальнай паперай. Зрэшты, нашыя жаданьні з году на год не зьмяняліся. Колік заўсёды хацеў сьцізорык, і калі атрымліваў яго, спачатку сядаў на кукішкі, растапырваў пальцы левае рукі на падлозе і хутка-хутка біў лязом паміж імі, а потым выходзіў на вуліцу і шпурляў яго ў сьцены і дрэвы. Валік аддаваў перавагу электрычным ліхтарыкам, і за доўгія гады ў яго сабралася іх безьліч. Большую частку ліхтарыкаў ён прымацаваў да ложка, і ўночы запальваў, праз што ложак рабіўся падобны да злавеснага касьмічнага карабля, навалы мірных галяктык. Хуліё кожнага разу прасіў у мамы з татам новыя кашулю і гальштук, і адразу пасьля ўручэньня доўга і грунтоўна прымяраў яе перад люстэркам, а потым сядзеў зь летуценнай усьмешкай, глыбока ўздыхаў, і мы ведалі, што апоўначы ён ўстане, ціхенька выберацца праз акно і зьнікне на некалькі дзён. Што тычыцца Толіка, дык ён прызнаваў толькі ядомыя падарункі, пажадана вялікія і салодкія. Тата заказваў на кандытарскай фабрыцы неабсяжны шакалядны торт, а мама некалькі дзён запар гатавала супы, бліны, пірагі, зразы і галубцы – яна была перакананая, што з салодкага пачынаць шкодна. Складаней за ўсё было са мной – я ставіў маму і тату ў тупік сваёй абыякавасьцю да прадметаў, і яны мусілі дарыць мне ўсялякую драбязу кшталту вудачак, капялюшыкаў ці мячыкаў. Але для мяне ў днях нараджэньня самы значны быў момант, калі ўсе зьбіраліся разам, і я бачыў кожнага – тату з ружай і келіхам шампанскага, маму ў фартуху і з чарпаком, брацікаў у шортах і з магутнымі кавалкамі торта, сэрпантын, канфэці, пэрлямутар і алябастар – і тады я ўвесь сьціскаўся, напружваўся і з усіх сілаў запамінаў, задрукоўваў у памяці кожны падрабязак. І цяпер гэтыя адбіткі заўсёды са мною, нібы нябачны і бязважкі альбом зь вялізнымі фотаздымкамі.