Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 055

Пра захады

Аднаго разу пад вечар, калі мы з брацікамі гулялі каля прыпынку ў капейкі, з трамвая выскачыў падазроны чалавек зь дзьвюма чорнымі торбамі, азірнуўся па бакох і шмыгнуў на вулачку, якая вяла паўз Белкаапсаюза да возера. Збродзень, вырашылі мы і рушылі ўсьлед за ім. Ён быў апрануты непрыметна: джынсы, красоўкі, сьветлая куртачка з капюшонам; няўцямнага колеру валасы сабраныя ў хвосьцік. Мы стараліся не адрывацца, ішлі амаль ушчыльную і нават бачылі маленечкую прарэху ў яго пад пахай, яна расчынялася і зачынялася ў такт крокам. Ён зладзеявата сьпяшаўся наперад і наперад, не спыняючыся, толькі крыху памарудзіў перад шырокімі вокнамі Гарводаканалу, у якіх адбівалася зружавелае неба, а калі вуліца скончылася, патупаў, уцягнуўшы галаву, наўпрост праз луг, да зрыва. На самым краі ён разаслаў газэтку, сеў і раскрыў сумкі. У адной выявіўся фотаапарат, у другой – аб'ектывы. Мы былі расчараваныя: проста фатограф. Але, каб не марнаваць перасьлед, мы дачакаліся, пакуль ён усё скруціць, наладзіць і прыцісьнецца да вочка, і з крыкамі выскачылі з кустоўя – з разьлікам немудрагеліста напалохаць. І ён сапраўды тузануўся і выпусьціў камэру, але не залаяўся і не пагнаўся за намі, а прыціснуў рукі да грудзей і пачаў шаптаць нешта ўмольнае. Мы спынілі прыскокі, наблізіліся і прыслухаліся. Ён шаптаў: зьлітуйцеся, даражэнькія дзеткі! не кажыце нікому! Мы нічога не разумелі, але на ўсялякі выпадак прынялі грозны і непрыступны выгляд, каб разгаварыць яго. Праз гэта ён зусім спалашыўся і ўжо не шаптаў, а стагнаў уголас. Высьветлілася, што ён жанаты, мае двух немаўляткаў і цягне іпатэку, і мы ня можам губіць яго, калі ў нас засталася хоць кропля чалавечага. Мы зрабілі погляды крышачку больш спагадлівыя, і тады ён даў волю сьлязам і распавёў, што ўжо сотню разоў заракаўся фатаграфаваць захады, і апошнім разам пратрымаўся амаль год, але сёньня выпіў сто грамаў і сарваўся. «Я ж прафэсіянал... фотакор-дакумэнталіст... калі даведаюцца пра захады – запагарджаюць, зьнішчаць, з гразьзю зьмяшаюць... няслава страшэнная... з часопіса выставяць... зганьбяць... нават на вясельлі ня пусцяць... нават у дзіцячыя садкі... пад плінтус загоняць... літасьці прашу... парвуць партфоліё... бездань роспачы... таксістам...» «Але што дрэннага ў захадах? – зьдзівіліся мы. – Нам падабаецца!» Ён ваўкавата зірнуў на нас і, не сумняваючыся, што мы зьдзекуемся і цкуем яго, расплакаўся. Тады мы нарэшце пашкадавалі яго і сказалі, што кошт нашага маўчаньня – тры кіляграма мармэляду. Фотакор адразу павесялеў і таропка павёў нас у гастраном, адводзячы вочы і нацягваючы капюшон, нібы ад ветру, але на самой справе ў надзеі, што мы не запомнім ягоны твар.